
16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці Беларусі зацікаўлены ва ўмацаванні кааперацыйных сувязей з Чэлябінскай вобласцю Расійскай Федэрацыі. Аб гэтым заявіў міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік у час сустрэчы з афіцыйнай дэлегацыяй гэтага расійскага рэгіёна на чале з губернатарам Аляксеем Тэкслерам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.
"Ва ўмовах знешнеэканамічных выклікаў прадпрыемствы Беларусі і Расіі шукаюць новыя напрамкі супрацоўніцтва і збыту прадукцыі", - сказаў Аляксандр Рагожнік. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў важнасць выбудоўвання эфектыўных доўгатэрміновых узаемаадносін.
Аляксей Тэкслер таксама выказаў зацікаўленасць у развіцці гандлёва-эканамічных сувязей рэгіёнаў, падкрэсліўшы, што тэма імпартазамяшчэння Беларусі і Расіі сёння актуальная як ніколі.
На сустрэчы з удзелам кіраўнікоў вялікіх прамысловых прадпрыемстваў дзвюх краін ішла размова аб выбудоўванні тэхналагічных, вытворчых і лагістычных ланцугоў у інтарэсах эканомік двух рэгіёнаў. У прыватнасці, топ-менеджмент прадпрыемстваў выказаў канкрэтныя прапановы па пастаўках неабходнай тэхнікі для прадпрыемстваў (як гатовай тэхнікі, так і ў рамках рэалізацыі кааперацыйных праектаў).
Абмяркоўваліся пытанні ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў у тэхнічным пераўзбраенні і мадэрнізацыі прамысловых арганізацый Чэлябінскай вобласці ў рамках праграм імпартазамяшчэння. Акрамя таго, выказана гатоўнасць і зацікаўленасць беларускіх прадпрыемстваў станкаінструментальнай прамысловасці ў пастаўках станочнага абсталявання ў рамках праграм тэхнічнага пераўзбраення і мадэрнізацыі прампрадпрыемстваў Чэлябінскай вобласці.
ААТ "Магілёўліфтмаш" пацвердзіла гатоўнасць забяспечыць патрэбнасць Чэлябінскай вобласці ў ліфтавым абсталяванні як для новабудоўляў, так і ў рамках праграм замены ліфтаў.
Перспектыўным названы праект арганізацыі зборачнай вытворчасці гусенічнай тэхнікі BELARUS-2103 на базе ТАА "ЧТЗ-Уралтрак" (Чэлябінск) з далейшай лакалізацыяй вытворчасці дэталей і вузлоў трансмісіі, хадавой часткі, адвала і рамы на прадпрыемствах Чэлябінскай вобласці.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, па выніках студзеня-верасня 2022 года адзначаецца ўстойлівая пазітыўная дынаміка ў рабоце падведамных арганізацый Міністэрства прамысловасці Беларусі на рынку Чэлябінскай вобласці. Так, тавараабарот прадпрыемстваў Мінпрама з гэтым рэгіёнам за 9 месяцаў павялічыўся на трэць у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і перасягнуў $165 млн, аб'ём экспарту ўзрос амаль на чвэрць - практычна да $30 млн.-0-