
7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова задаволіць попыт Зімбабвэ ў тэхніцы па ўсёй наменклатуры. Аб гэтым заявіў міністр прамысловасці Беларусі Аляксандр Рагожнік у час сустрэчы з афіцыйнай дэлегацыяй Рэспублікі Зімбабвэ на чале з міністрам мясцовага самакіравання і грамадскіх работ Джулаем Маё, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.
Аляксандр Рагожнік адзначыў сур'ёзны патэнцыял для ўмацавання двухбаковых кантактаў і рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловай сферы. "У час дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Зімбабвэ абмяркоўвалася пытанне забеспячэння харчовай бяспекі Зімбабвэ. Уся неабходная наменклатура тэхнікі (дарожна-будаўнічая, камунальная, пажарная, сельскагаспадарчая і інш.) вырабляецца ў Беларусі. І мы гатовы абмяркоўваць і вырашаць усе практычныя аспекты нашага супрацоўніцтва", - падкрэсліў міністр.
Прадпрыемствы Мінпрама могуць прапанаваць шырокі спектр самай разнастайнай прадукцыі. Гэта не толькі розныя віды аўтамабільнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, але і мабільныя перасовачныя медыцынскія комплексы, дызель-генератарныя станцыі і інш.
Джулай Маё са свайго боку з задавальненнем канстатаваў, што паміж краінамі створаны спрыяльныя ўмовы і перадумовы для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў доўгатэрміновай перспектыве. Гэтаму садзейнічаюць афіцыйныя і рабочыя візіты, у тым ліку на вышэйшым узроўні. Міністр мясцовага самакіравання і грамадскіх работ выказаў зацікаўленасць у закупках беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, пажарных машын, перасовачных медыцынскіх комплексаў і іншых відаў тэхнікі.
Бакі таксама абмеркавалі магчымасць арганізацыі на тэрыторыі Зімбабвэ зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі. Удзел у перагаворах прыняў часовы павераны ў справах пасольства Зімбабвэ ў Беларусі Кудаквашэ Лоўрэнс Ганіва.
У час знаходжання ў Беларусі афіцыйная дэлегацыя Рэспублікі Зімбабвэ на чале з Джулаем Маё наведае шэраг прадпрыемстваў сістэмы Мінпрама, азнаёміцца з вытворчасцю беларускай тэхнікі і правядзе перагаворы па пытаннях рэалізацыі сумесных праектаў.
Аляксандр Рагожнік анансаваў візіт прадстаўнікоў Мінпрама ў Зімбабвэ, у час якога плануецца абмеркаваць далейшыя сумесныя крокі па пашырэнні ўзаемадзеяння ў прамысловай сферы.-0-