
7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка на семінары-нарадзе на тэму "Прававыя і практычныя аспекты рэфармавання прадпрымальніцкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" расказаў, што чакае прадпрымальнікаў Беларусі пасля рэфармавання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, правядзенне семінараў-нарад па найбольш актуальных законапраектах стала важнай формай работы, якая актыўна выкарыстоўваецца дэпутацкім корпусам. "Практыка паказала, што такі падыход дае магчымасць на аснове дыялога выпрацаваць узважаныя заканадаўчыя рашэнні", - расказаў ён.
Старшыня нагадаў, што кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача мадэрнізаваць фармат работы прадпрымальнікаў, апіраючыся на два ключавыя прынцыпы - прастату і справядлівасць. "Праектам закона "Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці" ў многім змяняюцца ўмовы ажыццяўлення грамадзянамі індывідуальнай камерцыйнай дзейнасці, а таксама правілы вядзення бізнесу суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Відавочна, што гэта закране інтарэсы вялікай колькасці грамадзян рэспублікі", - адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. Гэты законапраект 31 мая на пасяджэнні дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання дэпутаты прынялі ў першым чытанні.

Цяпер дакумент рыхтуецца да другога чытання, і паколькі ён мае вялікае сацыяльнае і эканамічнае значэнне, па ініцыятыве парламентарыяў ён абмяркоўваўся ў рэгіёнах з прадстаўнікамі рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, суб'ектаў гаспадарання. "Дыялогавыя пляцоўкі прайшлі практычна ва ўсіх абласцях нашай краіны", - дадаў старшыня. Мэта гэтых сустрэч - даведацца, якія пытанні хвалююць беларускі бізнес у кантэксце прапануемай рэформы, на якія аспекты неабходна звярнуць дадатковую ўвагу, каб пераўтварэнні прайшлі максімальна эфектыўна.
Па выніках праведзенай работы ў Палату прадстаўнікоў паступіла вялікая колькасць канструктыўных прапаноў, якія дасканала прапрацоўваюцца. Вынікамі правядзення рэформы павінны стаць: стварэнне дакладных і зразумелых умоў вядзення сваёй справы суб'ектамі малога прадпрымальніцтва, у тым ліку спрашчэнне адміністравання бізнес-працэсаў, забеспячэнне магчымасці справядлівай канкурэнцыі для ўсіх арганізацыйна-прававых форм бізнесу і павышэнне ролі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі. "Гэта дасць магчымасць стварыць прадпрымальніцкае асяроддзе, якое будзе адпавядаць патрэбнасцям беларускага грамадства і грамадзян", - рэзюмаваў Уладзімір Андрэйчанка.-0-