Сцяг Пятніца, 21 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 мая 2024, 12:35

План мерапрыемстваў па супрацоўніцтве на 2024-2026 гады падпісалі Беларусь і Алтай

28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падпісаннем пратакола і плана мерапрыемстваў на 2024-2026 гады па рэалізацыі пагаднення паміж урадам Беларусі і адміністрацыяй Алтайскага края аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве ад 22 кастрычніка 2014 года завяршылася 9-е пасяджэнне двухбаковай камісіі па каардынацыі супрацоўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як падкрэсліў першы намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў, прыярытэт у супрацоўніцтве з Алтайскім краем у наступныя некалькі гадоў будзе аддадзены прамысловасці і сельскай гаспадарцы, дзе ўжо дасягнута добрае кааперацыйнае супрацоўніцтва. Прыклад - пастаўка вытворцамі Алтайскага края на МТЗ ключавых імпартазамяшчальных дэталей для вытворчасці знакамітых беларускіх трактароў, якія пасля прадаюцца ва ўсе рэгіёны Расіі. Алтайскі край, акрамя таго, закупляе вялікую колькасць сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання вытворчасці "Гомсельмаша", "Бабруйскаграмаша" і інш, нягледзячы на тое, што мае дастатковую колькасць прычапнога і навяснога абсталявання ўласнай вытворчасці.

Ёсць і іншыя перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння ў бліжэйшыя некалькі гадоў. Напрыклад, грамадзянская беспілотная авіяцыя. "Мы гаворым аб сістэмах беспілотнага земляробства, але не толькі, паколькі ў беспілотнай авіяцыі вельмі шырокі дыяпазон прымянення. Вельмі добрая тэма - узаемадзеянне з навучальнымі ўстановамі. Мы на нашай тэхніцы гатовы вучыць студэнтаў алтайскіх ВНУ, каб выпускнік і ў далейшым выбіраў нашу тэхніку, вопыт работы на якой ён мае", - заўважыў Аляксандр Агароднікаў.
Паводле яго слоў, відавочных нявырашаных пытанняў у супрацоўніцтве з Алтайскім краем сёння няма. Некаторыя напрамкі супрацоўніцтва, аднак, патрабуюць большай гібкасці і нават знаходлівасці. Так, беларускі бок не толькі прадае тэхніку, але і забяспечвае яе сэрвіснае абслугоўванне. "Мы хочам перанесці ўнутраны вопыт па пастаноўцы любой машыны на колы на працягу сутак ва ўсе рэгіёны Расіі. Для гэтага ўкараняем сэрвісныя лятучкі, калі на працягу паўсутак у любую кропку рэгіёна павінна прыехаць брыгада з наборам запчастак, каб любая машына была адрамантавана ў максімальна кароткія тэрміны. Адносіцца гэта, вядома, і да Алтайскага края", - рэзюмаваў першы намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў.-0-

Фота Надзеі Касцецкай
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі