ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 24 лютага 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +1°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 студзеня 2020, 15:15

Парк "Вялікі камень" і інвестыцыйныя магчымасці Беларусі прэзентавалі ў Маскве

Фота з архіва
Фота з архіва

29 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Прэзентацыя індустрыяльнага парка "Вялікі камень" і агляд перспектыўных напрамкаў інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Беларуссю адбыліся ў Маскве. Мерапрыемства пад назвай "Рэспубліка Беларусь: новыя інвестыцыйныя магчымасці" арганізавала Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу, якая аб'ядноўвае больш як 500 кампаній з 50 краін, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.

Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, які прыняў удзел у мерапрыемстве, адзначыў, што Беларусь як адкрытая эканоміка гандлюе з больш як 190 краінамі свету і займае дастойную нішу па многіх таварных пазіцыях: каля трэці сусветнага рынку калійных угнаенняў, сярэдне- і буйнатанажных кар'ерных самазвалаў, а па масле, сыру, сухім малаку ўваходзіць у пяцёрку сусветных вытворцаў. Ён расказаў аб дасягненнях краіны ў традыцыйных галінах - машынабудаванні, радыёэлектроніцы, прыборабудаванні, нафтахіміі, металургіі і сельскай гаспадарцы, а таксама ў такіх перспектыўных сферах, як інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, мікраэлектроніка, фармацэўтыка, бія- і нанатэхналогіі.

"Адным з прыярытэтных напрамкаў для нас стаў ІТ-сектар, - падкрэсліў пасол. - Беларускі Парк высокіх тэхналогій з'яўляецца сёння адным з буйнейшых ІТ-кластараў у Еўропе з гадавым экспартам амаль $1,5 млрд. У бліжэйшы час у Беларусі будзе сфарміраваны яшчэ адзін буйны інавацыйны кластар, ужо ў сферы нана- і біятэхналогій - "Белбіяград".

Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, сёння Беларусь з'яўляецца перспектыўнай інвестыцыйнай пляцоўкай для пабудовы і развіцця бізнесу. У краіне створана эфектыўная сістэма падтрымкі і суправаджэння інвестараў. Праведзена комплексная работа па паляпшэнні інвестыцыйнага заканадаўства, практычна ўся тэрыторыя Беларусі ўяўляе сабой сукупнасць розных прэферэнцыйных рэжымаў, якія паспяхова функцыянуюць.

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" Ігар Ляшчонак правёў прэзентацыю перспектыўных напрамкаў развіцця парка, умоў вядзення бізнесу і прэферэнцыйных рэжымаў для замежных інвестараў. Ён адзначыў, што сёння "Вялікі камень" - гэта ўжо амаль 60 рэзідэнтаў з 16 краін свету, у тым ліку з Кітая, Расіі, Аўстрыі, Германіі, Ізраіля, Канады, ЗША, Швейцарыі, ААЭ, з планавым аб'ёмам інвестыцый у высокатэхналагічных сектарах эканомікі ў памеры больш як $1,2 млрд. Рэзідэнтам парка гарантаваны беспрэцэдэнтныя льготы і прэферэнцыі, якія не маюць аналагаў у ЕАЭС, ЕС і Азіі. 18 кампаній пачалі ўжо выпуск у парку прадукцыі і аказанне паслуг.

"Намеснік начальніка аддзела па суправаджэнні інвестараў Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Беларусі Аляксандр Кананчук прадставіў падрабязную інфармацыю аб інвестыцыйным клімаце, умовах і перспектыўных напрамках вядзення бізнесу ў краіне, - адзначылі ў прэс-службе. - Адбыўся абмен думкамі па перспектывах узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Магчымасці рэалізацыі двухбаковых праектаў з беларускімі прадпрыемствамі выклікалі вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў мерапрыемства".

Прэзентацыю наведалі каля 40 удзельнікаў асацыяцыі, якія прадстаўляюць дзелавыя колы, кансалтынгавыя кампаніі, фінансавыя ўстановы Расіі, ЗША, краін СНД, ЕС, Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама прадстаўнікі міжнародных арганізацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі