
24 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь гатова ствараць сумесныя прадпрыемствы ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза, але ў большасці з іх, за выключэннем Расіі, для гэтага не створаны адпаведныя ўмовы. Аб гэтым заявіў намеснік міністра прамысловасці Беларусі Аляксандр Яфімаў, выступаючы 24 мая на II Еўразійскім эканамічным форуме ў Маскве на сесіі, прысвечанай новай прамысловай палітыцы і міжнароднай кааперацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У сваім выступленні Аляксандр Яфімаў пералічыў фактары, якія складаюць аснову тэхналагічнага суверэнітэту і імпартанезалежнасці. "Першы і ключавы - гэта наяўнасць уласнай вытворчасці сродкаў вытворчасці, бо без гэтага гаварыць аб тэхналагічным суверэнітэце не даводзіцца. І нягледзячы на тое што ў любой нават самай развітой краіне ў долі ВУП станкабудаўнічая прамысловасць займае менш за 1 працэнт, разам з тым гэты фактар сведчыць менавіта аб тэхналагічным суверэнітэце, - сказаў ён. - Другі фактар - дастатковая колькасць уласных тавараў для забеспячэння галін эканомікі і насельніцтва, адпаведна - максімальна нізкая імпартаёмістасць эканомікі".
Трэцім фактарам ён назваў наяўнасць сфарміраваных кампетэнцый прамысловага персаналу. У якасці прыкладу намеснік міністра прывёў краіны Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе эканамічны бум пачынаўся менавіта з навучання спецыялістаў у розных галінах. "З гэтага пункту гледжання нам неабходна ўдзяляць увагу ў рамках ЕАЭС менавіта абмену ў сферы навукі. Але сам па сабе абмен нічога не дасць, неабходна знаходзіць рэсурсы для развіцця фундаментальнай і прыкладной навукі, таму што тэрмін "імпартазамяшчэнне", калі мы гаворым аб імпартанезалежнасці, неабходна ўжо замяняць тэрмінам "імпартаапярэджанне". Без развіцця навукі дасягнуць імпартаапярэджання і прарыўных рашэнняў, укаранення сучасных тэхналогій немагчыма. Таму навука - гэта адзін з ключавых фактараў", - звярнуў ён увагу.
"І чацвёрты фактар, які павінен стымуляваць імпартанезалежнасць і тэхналагічны суверэнітэт, - гэта стварэнне належных умоў на ўнутраным рынку ЕАЭС", - падкрэсліў Аляксандр Яфімаў.
У сувязі з гэтым ён паведаміў, што Беларусь часта атрымлівае прапановы аб стварэнні сумесных вытворчасцей у той ці іншай краіне ЕАЭС. "Але каб стварыць вытворчасць, мы павінны разумець, якія ўмовы на рынку яна будзе мець. І, на жаль, адказу на гэта пытанне, якія будуць умовы гандлю, мы не атрымліваем. А як канкурыраваць з іншымі пастаўшчыкамі? Мы хочам і гатовы гэтыя вытворчасці ствараць, развіваць, маштабіраваць, але пры гэтым дастатковых умоў не маем", - заявіў намеснік міністра.
Ён таксама нагадаў, што паміж Беларуссю і Расіяй нядаўна было падпісана пагадненне аб адзінай прамысловай палітыцы. "Яно прастымулюе развіццё гэтай палітыкі на базе дзвюх дзяржаў", - упэўнены Аляксандр Яфімаў.-0-