
19 мая, Астравецкі раён /Кар. БЕЛТА/. Магутнасць рэактарнай устаноўкі другога энергаблока БелАЭС павысілі да 50 працэнтаў. Прымеркаваная да гэтай падзеі цырымонія прайшла на БелАЭС з удзелам прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі і генеральнага дырэктара дзяржкарпарацыі "Расатам" Аляксея Ліхачова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта значны крок у праграме ўводу энергаблока ў эксплуатацыю.
Прэм'ер-міністр наведаў блочны пульт кіравання другога блока атамнай станцыі, дзе яму далажылі аб ходзе работ па асваенні магутнасці рэактарнай устаноўкі. У прысутнасці кіраўніка ўрада ўзровень магутнасці рэактара павысілі з 40 працэнтаў да 50 працэнтаў.
Другі энергаблок БелАЭС уключаны ў аб'яднаную энергасістэму краіны 13 мая 2023 года. За час работы ім выраблена больш за 45 млн кВт.гадз электраэнергіі. Наперадзе - этап доследна-прамысловай эксплуатацыі блока: спецыялісты прадоўжаць паэтапнае асваенне магутнасці рэактара да 100 працэнтаў.
З уводам другога энергаблока БелАЭС штогод будзе вырабляць каля 18,5 млрд кВ.гадз электраэнергіі. Гэта забяспечыць каля 40 працэнтаў унутраных патрэбнасцей краіны і дасць магчымасць замяшчаць каля 4,5 млрд куб м прыроднага газу ў год. Атамная станцыя - гэта не толькі гарант энергетычнай бяспекі Беларусі, але і ўклад у агульную справу па змякчэнні наступстваў змянення клімату. За кошт БелАЭС выкіды вуглякіслага газу ў краіне будуць штогод скарачацца прыкладна на 7 млн т.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт пабудавана па расійскім праекце "АЭС-2006", які належыць да эвалюцыйных праектаў АЭС з вода-вадзянымі рэактарамі (ВВЭР) трэцяга пакалення. Яны маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўная іх асаблівасць - унікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі.-0-