
11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бізнес знайшоў лагістычныя ланцужкі па пастаўцы тавараў. Аб гэтым у эфіры тэлеканала СТБ паведаміла кіраўнік канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна, паведамляе БЕЛТА.
У Мінску адбылася сустрэча кіраўніцтва дзяржканцэрна з прадстаўнікамі прыватнага бізнесу. "Бізнес, у прынцыпе, знайшоў лагістычныя ланцужкі па пастаўцы сыравінных тавараў, хіміі, фарбавальнікаў. Кожны разумее, што Расія - наш ключавы рынак. Мы расцём і ўсе рэгіёны Расіі актыўна ўзаемадзейнічаюць з намі. Калі раней асноўны экспарт - гэта было аптовае звяно пастаўкі, то сёння як станоўчы прыклад адзначаем, што ідзе ўзаемадзеянне па адкрыцці сумесных прадпрыемстваў", - расказала Таццяна Лугіна.
Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч у сваю чаргу адзначыла добрую дынаміку росту і ў аб'ёме вытворчасці, і экспарту прадукцыі лёгкай прамысловасці. "Мы ацэньваем сітуацыю станоўча. Але для таго, каб было яшчэ лепш, каб мы маглі разумець, дзе можна яшчэ дабраць, і праводзіцца семінар", - канстатавала яна.
Размова на семінары ішла аб асноўных напрамках развіцця айчыннага легпрама, абмяркоўваліся таксама магчымасці крэдытавання і незанятыя да гэтага часу нішы для бізнесу. Адзначалася, што Расія застаецца асноўным партнёрам у сферы лёгкай прамысловасці. Акрамя таго, дадатная дынаміка экспарту назіраецца і ў іншыя краіны, напрыклад, у Арменію, Таджыкістан і Узбекістан.-0-