ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 30 верасня 2023
Мінск Суцэльная воблачнасць +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
31 мая 2023, 15:23

"Людзі вельмі чакалі гэтых новаўвядзенняў". Мінэканомікі пракаменціравала ўказ аб садоўніцкіх таварыствах

Фота з архіва
Фота з архіва

31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА расказаў, якія пытанні ўдасца вырашыць дзякуючы прыняццю ўказа кіраўніка дзяржавы "Аб садоўніцкіх таварыствах".

"Мы прайшлі даволі доўгі шлях пры распрацоўцы ўказа. Вывучылі грамадскае меркаванне, пагутарылі з мясцовымі ўладамі, сфарміравалі новаўвядзенні, якія чакае насельніцтва на месцах. Больш за ўсё людзей сёння хвалюе парадак налічэння і выплаты членскіх узносаў у садоўніцкіх таварыствах. Дзеючая норма выклікала пэўныя пытанні, калі ў асобных катэгорый грамадзян два ці тры ўчасткі, якія былі набыты або дасталіся ў спадчыну, але незалежна ад гэтага членскі ўзнос выплачваўся як за адзін. Гэта выклікала шмат нараканняў. Мы гэта выправілі", - сказаў Юрый Чабатар. Указам прадастаўлена права агульным сходам садоўніцкіх таварыстваў самастойна прымаць рашэнні па гэтых пытаннях. Яны змогуць прыняць рашэнне, згодна з якім членскія ўзносы будуць выплачвацца, напрыклад, у залежнасці ад колькасці участкаў, ад аказваемых паслуг. Таксама ўказам канкрэтызаваны віды і мэтавыя напрамкі фарміравання членскіх узносаў.

Другое новаўвядзенне, якога вельмі чакалі, - вырашэнне пытанняў энергетычнай інфраструктуры. Указам зацверджана палажэнне аб парадку перадачы ва ўласнасць дзяржавы ліній электраперадачы і трансфарматарных падстанцый садоўніцкіх таварыстваў. Дакументам уводзіцца магчымасць перадачы на баланс дзяржаўных энергазабеспячальных арганізацый высакавольтных электрасетак таварыстваў па фактычным стане незалежна ад тэрміну ўводу ў эксплуатацыю, а таксама ўнутраных сетак. "Але трэба выканаць умовы: каб былі вынасныя лічыльнікі ўліку электраэнергіі і каб інфраструктура была ў рабочым стане. Прыём у дзяржаўную ўласнасць электрычных сетак дасць магчымасць павысіць якасць аказваемых паслуг па дастаўцы электраэнергіі, будзе магчымасць пашырыць энергакарыстанне ў садоўніцкіх таварыствах і ў будучым забяспечыць пераход на прамыя дагаворы электразабеспячэння з кожным з членаў садоўніцкага таварыства", - адзначыў першы намеснік міністра.

Для садоўніцкіх таварыстваў таксама актуальнае пытанне кіравання. "У некаторых з іх у выніку розных прычын складвалася даволі цяжкая сітуацыя з кіруемасцю. Напрыклад, доўга не маглі выбраць старшыню праўлення таварыства", - звярнуў увагу Юрый Чабатар. Ва ўказе ўлічана гэта праблема. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы надзяляюцца правам назначаць старшыню праўлення таварыства ў выпадку яго працяглай адсутнасці, а таксама асобнымі паўнамоцтвамі па бягучым кіраванні таварыствамі. "Такім чынам будзе ліквідавана пэўная некіруемасць у шэрагу таварыстваў, члены якіх не могуць вырашыць пытанне самастойна. Ва ўказе прапісаны ўмовы, калі гэта магчыма. Так мы вырашым вельмі шмат канфліктных сітуацый", - дадаў першы намеснік міністра.

Прыняцце ўказа вырашыць і яшчэ адну важную праблему. У шэрагу садоўніцкіх таварыстваў даволі шмат вымарачнай маёмасці (гэта значыць спадчыннікаў няма або яны адмовіліся ад маёмасці), а таксама садовых домікаў і зямельных участкаў, ад якіх адмовіліся ўласнікі. "Указ прадастаўляе магчымасць мясцовым уладам такія садовыя домікі або маёмасць выстаўляць на аўкцыён і прадаваць", - удакладніў Юрый Чабатар.

Шэраг іншых новаўвядзенняў мае кропкавы характар. У прыватнасці, урэгуляваны пытанні атрымання ў спадчыну. Таксама ўведзена магчымасць прыцягнення аўдытарскай арганізацыі, аўдытара для ажыццяўлення ўнутранага кантролю таварыства.

"Ад прыняцця ўказа чакаем перш за ўсё сацыяльны эфект: ён здыме вельмі шмат пытанняў, якія былі на месцах з боку членаў садоўніцкіх таварыстваў, іх старшынь, мясцовых улад. У тым ліку ў галіне кіравання і фінансавання. Таксама мы рушым наперад у плане забеспячэння ўстойлівай інфраструктуры для развіцця садоўніцкіх таварыстваў. Гэта дасць магчымасць павысіць цікавасць да валодання ўласнасцю ў вёсцы і членства ў садоўніцкіх таварыствах", - рэзюмаваў першы намеснік міністра.

Указ уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання. Рэгламентуючы цяпер гэтыя пытанні ўказ ад 28 студзеня 2008 года нумар 50 "Аб мерах па ўпарадкаванні дзейнасці садоўніціх таварыстваў" адпаведна прызнаецца страціўшым сілу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі