ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 30 лістапада 2022
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 верасня 2022, 11:28

Крутой: задача па павелічэнні экспарту ў Расійскую Федэрацыю да канца года будзе поўнасцю вырашана

Скрыншот відэа "Беларусь 1"
Скрыншот відэа "Беларусь 1"

26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Задача па павелічэнні экспарту ў Расійскую Федэрацыю да канца года будзе поўнасцю вырашана. Аб гэтым у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Крутой, перадае БЕЛТА.

Каменціруючы рабочыя візіты беларускай дэлегацыі ў Татарстан і Башкортастан, Дзмітрый Крутой адзначыў, што расійскі вектар супрацоўніцтва цяпер на першым плане. "Калі пачынаць з расійскіх рэгіёнаў, то ў нас каля 80 замацаваных рэгіёнаў за нашымі службовымі асобамі. Мы аналізавалі вынікі студзеня - жніўня (гэтага года. - Заўвага БЕЛТА). Прыкладна па 13 рэгіёнах у нас ідзе зніжэнне тавараабароту, а з усімі астатнімі - рост. Вядома, асноўную ўвагу мы ўдзелім тым, хто сёння адстае. Нават своеасаблівае спаборніцтва з'явілася паміж нашымі міністрамі, якія адказваюць за пэўныя расійскія рэгіёны. Ніхто не хоча быць у аўтсайдарах. Таму, безумоўна, рэгіянальны парадак дня з Расіяй для нас нумар адзін", - сказаў ён.

Паводле слоў пасла, цяпер актыўна вырашаецца задача па пераарыентацыі экспарту беларускіх прадпрыемстваў з украінскага і еўрапейскага рынкаў на Расію. "За 8 месяцаў па таварах мы прыбавілі на 28 працэнтаў, па паслугах - на 22 працэнты. Прычым, напрыклад, паслугі нашага ІТ-парка раней у невялікіх аб'ёмах ішлі на расійскі рынак, а цяпер прыбаўка складае амаль 80 пунктаў, гэта вельмі добрыя лічбы. Па выніках года задачу па павелічэнні экспарту ў Расійскую Федэрацыю ад 6 млрд да 8 млрд мы паспяхова вырашым".

Яшчэ адна важная тэма супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй - адзіная прамысловая палітыка. "У кастрычніку мы плануем канчаткова падпісаць міжурадавае пагадненне і аб прынцыпах адзінай прамысловай палітыкі, а таксама (што больш важна) пагадненне па ўліку тэхналагічных аперацый. Каб дзве краіны прызнавалі па ключавых, машынабудаўнічых у першую чаргу, прадпрыемствах вось гэтыя тэхналагічныя аперацыі. Гэта адкрыла б доступ расійскіх кампаній на беларускі рынак, а беларускім - на расійскі, у першую чаргу праграмы субсідзіравання федэральнага і рэгіянальнага ўзроўню, - адзначыў ён. - Добры прыклад Татарстан. Кіраўнік рэгіёна вельмі падрабязна цікавіўся магчымасцямі новай беларускай тэхнікі. Тут трэба аддаць належнае, таму што Татарстан з'яўляецца лідарам. Абсалютна ўсе навінкі нашых аўтобусаў, грузавікоў, нізкападлогавых трамваяў праходзяць абкатку менавіта тут. Тут вельмі вялікая доля прысутнасці нашай тэхнікі, і тая праграма, якая існуе на рэгіянальным узроўні, дае магчымасць камфортна працаваць і нашым прадпрыемствам, і татарстанскім спажыўцам нашай тэхнікі".

Яшчэ адна важная тэма супрацоўніцтва - праграма для вытворцаў, якія заняліся экспартна арыентаванай і імпартазамяшчальнай прадукцыяй. "Бліжэйшая сустрэча прэзідэнтаў у пэўным сэнсе паставіць кропку ў гэтай тэме. Будзе вызначана фінансавая схема (менавіта яна сёння з'яўляецца пэўным каменем спатыкнення). Існуюць розныя варыянты фінансавых умоў: і па працэнтнай стаўцы, і па тэрміне дзеяння гэтага пагаднення. Непарушная сума, аб якой дамовіліся прэзідэнты, - паўтара мільярда долараў. 14 праектаў, якія акцэптаваны на ўзроўні нашых віцэ-прэм'ераў, сёння на стале. Прадпрыемствы, не чакаючы канчатковага вырашэння пытання, рыхтуюць адпаведныя бізнес-планы для нашых банкаў, якія будуць удзельнічаць і кантраляваць гэтыя праекты. Таму вялікіх праблем я тут не бачу", - падкрэсліў Дзмітрый Крутой.

Адна з галоўных мэт саюзных праграм - роўныя ўмовы для ўсіх суб'ектаў гаспадарання. Паводле слоў Дзмітрыя Крутога, з націскам заходніх санкцый на беларускую эканоміку выраслі паказчыкі тавараабароту і інвестыцый у адносінах з Расійскай Федэрацыяй. "Для нас адкрываюцца абсалютна новыя сферы, не тое што рэгіёны. Авіябудаванне, суднабудаванне, куды нас раней расійскія калегі не вельмі хацелі пускаць. Гэта падкрэслівае саюзніцкі і братэрскі характар адносін на сучасным этапе і тое, што саюзныя праграмы сапраўды пачалі працаваць, - сказаў ён. - Акрамя адзінай прамысловай палітыкі і дабаўкі ў сельскагаспадарчай сферы мы шмат чакаем ад праграмы транспарту. І на гэтых сустрэчах такая тэма падрабязна абмяркоўвалася. Допуск у парты Расійскай Федэрацыі, лагістычныя праекты, адкрыццё новых мытных пунктаў афармлення беларускай прадукцыі ў трэція краіны - усе гэтыя тэмы вельмі важныя для нас цяпер".

Інтарэс для беларускага боку ўяўляе супрацоўніцтва з Мурманскай вобласцю. "Цяпер у Мурманскай вобласці працуе наша калійная кампанія. Але мы чакаем, што будзе дасягнута пагадненне па ўсіх астатніх нашых грузах. Таму што Паўночны марскі шлях самы бяспечны на сённяшні дзень. Маршрут у Паўднёва-Усходнюю Азію і Кітай патэнцыяльна для нас вельмі цікавы. Таму будзе некалькі пляцовак, адпаведная рабочая група Мінтранса, Мінпрама і Мінсельгасхарча, астатніх нашых ключавых ведамстваў. Яны вельмі аператыўна адпрацуюць тыя прапановы, якія ўнясе мурманскі бок", - адзначыў Дзмітрый Крутой.

Актуальна цяпер і супрацоўніцтва з расійскім бізнесам. "Якраз ад расійскага бізнесу ніякага зніжэння інвестыцый мы не бачым, у нас, наадварот, прыток. Доля расійскіх інвестыцый у агульным інвестыцыйным аб'ёме рэспублікі толькі павялічылася, - падкрэсліў Дзмітрый Крутой. - З расійскага рынку сышло каля 950 замежных кампаній, і гэта толькі буйных. Міністэрства прамысловасці Расіі склала пералік, скажам так, кінутых еўрапейцамі бізнесаў. Вось мы цяпер гэты пералік атрымаем, і расійскія калегі прапанавалі нашым буйным і сярэднім бізнесменам паўдзельнічаць у кіраванні кампаніямі, якія засталіся. Сёння самая цікавая для нас тэма - хімічная і лакафарбавая прамысловасць, машынабудаўнічыя кампаненты. Спадзяёмся, што зможам далучыцца да гэтых тэм. Плюс тыя нішы, якія з'явіліся, і тыя пералікі імпартазамяшчэння паказваюць, што расійскія калегі па-новаму зірнулі на Беларусь і знайшлі сваіх партнёраў у нашай рэспубліцы. І мы з задавальненнм будзем пастаўляць адсутныя кампаненты на канвееры буйных расійскіх прадпрыемстваў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі