ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 29 верасня 2023
Мінск Ясна +12°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 мая 2023, 18:48

Крутой расказаў пра планы па стварэнні мультыбрэндавых беларускіх шоўрумаў у Расіі

Фота з архіва
Фота з архіва

19 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пілотныя праекты па стварэнні мультыбрэндавых гандлёвых пляцовак, дзе будзе прадавацца беларуская прадукцыя розных галін і прадпрыемстваў, у хуткім часе плануецца рэалізаваць у расійскіх рэгіёнах. Аб гэтым расказаў журналістам пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адзін з такіх пілотаў ужо рэалізуецца ў Новасібірску. "Назва "мультыбрэнд" апошнім часам усё часцей гучыць у адносінах да пляцовак па продажы беларускіх тавараў. У Новасібірску - гэта машынабудаўнічая гісторыя", - паведаміў пасол.

Ён нагадаў, што гэту гандлёвую пляцоўку ў час свайго нядаўняга візіту ў Новасібірск наведаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. "Ён усё ўважліва паглядзеў, адобрыў і даручыў да канца года канцэпцыю гэтага праекта завяршыць. Будзе гэта рабіць сам Мінпрам або мы падключым Агенцтва па знешнеэканамічнай дзейнасці Банка развіцця (аднаго з нашых вядучых інстытутаў развіцця), будзе вырашана ў бліжэйшыя дні. Сапраўды, база "МТЗ-Сібір" дазваляе сёння размясціць і іншыя нашы прадпрыемствы, прэм'ер там паглядзеў канцэпцыю "Гомсельмаша", гэтаму цэнтру перададзена таксама дылерства МАЗа плюс тэхніка "Лідсельмаша", якая ўшо там прысутнічае", - сказаў Дзмітрый Крутой.

"Я думаю, у гэтага праекта вялікая будучыня. Мы яго як пілот будзем выкарыстоўваць менавіта ў далёкіх рэгіёнах Расіі - гэта Урал, Сібір і Далёкі Усход, дзе мы зможам з адзінай, можна сказаць, збытавой, фінансавай і арганізацыйнай канцэпцыяй больш паспяхова пашыраць нашу тэхніку", - растлумачыў пасол.

"Што датычыцца лёгкай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, то ўся гэта гісторыя пачала развівацца паралельна з праектам "беларускай ІКЕІ", якая цяпер запусцілася кропкава ў некаторых расійскіх гарадах", - адзначыў ён. У прыватнасці, у Смаленску адкрыўся вялікі цэнтр, дзе прадстаўлена прадукцыя канцэрна "Беллегпрам". "Але прэм'ер гаворыць, што мы туды павінны дабавіць і іншую нашу прадукцыю, у прыватнасці, прадпрыемстваў Мінбудархітэктуры і "Беллеспаперапрама" - керамічную плітку, мэблю, фанеру, драўняныя пліты. Тут, вядома, складаней: (патрэбна. - Заўвага БЕЛТА) састыкоўка інтарэсаў розных ведамстваў і правільнае пазіцыянаванне", - заўважыў Дзмітрый Крутой.

Акрамя таго, у рамках свайго нядаўняга візіту ў Мінск губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў прапанаваў беларускаму боку адзін з аб'ектаў за сімвалічную арэндную плату. "Мы павінны зрабіць там рамонт і прэзентаваць мультыбрэнд у Санкт-Пецярбургу. Прэм'ер даручыў і гэты аб'ект абавязкова адпрацаваць. Магчыма, ён стане пілотным па гэтай канцэпцыі", - выказаў меркаванне пасол.

"У нас не так шмат часу, але ўлічваючы вакуум, які ўтварыўся пасля адыходу заходніх кампаній, мы спакойна маглі б гэту канцэпцыю рэалізаваць. Туды можна падключыць лакафарбавую, будаўнічую прадукцыю і зрабіць паўнацэнны беларускі магазін, шоўрум - як хочаце яго можна называць. Таму што ў нас высокая якасць не толькі прадукцыі АПК. Мы заўсёды паказваем сеткі нашых беларускіх прадуктаў у Расіі, а ў плане прамысловай прадукцыі менавіта спажывецкага прызначэння прыкладаў такіх вельмі мала", - дадаў дыпламат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі