ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Нядзеля, 5 красавіка 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +5°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 лютага 2020, 09:42

Крутой аб расійскай нафце: будзем купляць па сусветных цэнах, чаго і патрабавала Беларусь

Дзмітрый Крутой. Фота з архіва
Дзмітрый Крутой. Фота з архіва

10 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Дзмітрый Крутой пракаменціраваў журналістам вынікі праведзеных 7 лютага перагавораў на вышэйшым узроўні ў Сочы. Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, на чым і настойваў беларускі бок, будуць купляць нафту ў расійскіх кампаній па цэнах сусветнага рынку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі гаварыць аб дамоўленасці наконт нафты, нафтавага рынку, то расійскі бок згадзіўся, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту па дамоўленасці з расійскімі нафтавымі кампаніямі па цэнах, якія ўстанаўліваюцца на сусветным рынку. Дарэчы, гэтага ж на працягу ўсіх перагавораў не раз патрабавалі наш прэзідэнт, беларускі бок. Што Беларусі не патрэбна ніякіх спецыяльных эксклюзіўных умоў. Мы хочам купляць нафту па сусветных каціроўках, і не горш", - сказаў Дзмітрый Крутой.

Паводле яго слоў, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін згадзіўся з гэтым падыходам. "Больш таго, ён паабяцаў, што расійскі ўрад акажа ўсялякае садзейнічанне ў нашай рабоце з расійскімі здабыўнымі кампаніямі. Каб пастаўкі нафты на беларускія НПЗ былі менавіта на такіх умовах, аб якіх я сказаў вышэй", - удакладніў першы віцэ-прэм'ер.

Ён звярнуў увагу, што расійскі нафтавы рынак вельмі неаднастайны і канстатаваў, што па сутнасці палавіну студзеня бакі не знаходзіліся ў рэжыме перагавораў з-за таго, што ў Расіі прадаўжаліся навагоднія канікулы. "Але цяпер інтэнсіўнасць кантактаў паміж нашымі суб'ектамі гаспадарання вырасла. І мы бачым, што ў той жа Расіі прыкладна 100 млн т нафты з агульнага аб'ёму здабываецца і пастаўляецца невялікімі кампаніямі. Мы проста за шмат гадоў прывыклі, што нафту ў Беларусь пастаўляе ў асноўным вялікая пяцёрка - "Раснафта", "Лукойл", "Татнафта" і іншыя кампаніі, - адзначыў Дзмітрый Крутой. - З імі таксама перагаворы будуць, вядома, у абавязковым парадку прадаўжацца. Ужо ў бліжэйшыя дні міністр энергетыкі Расіі паабяцаў з імі ўсімі сустрэцца, абазначыць новыя ўмовы работы на беларускім рынку і аказаць усялякае садзейнічанне ў больш хуткім заключэнні цэнавых кантрактаў. Але пры гэтым і канцэрн "Белнафтахім", і нашы НПЗ прадоўжаць работу абсалютна з усімі суб'ектамі расійскага нафтавага рынку. Літаральна на наступным тыдні такія перагаворы пачнём ужо".

Першы віцэ-прэм'ер таксама расказаў, што, як паказалі студзеньскія дэбаты, пэўным абмежаваннем было тое, што беларускі рынак разглядаўся для расійскіх нафтаздабыўных кампаній як экспартны. "Існавалі пэўныя абмежаванні па допуску да транзітнай трубы "Транснафты". Прэзідэнт Расіі паабяцаў усе гэтыя абмежаванні зняць. Яны ўстаноўлены для ўсіх экспартных рынкаў і паставак яго асобным указам. На Беларусь гэты ўказ не будзе распаўсюджвацца. Гэта значыць, любая кампанія, якой будзе выгадна і цікава працаваць з нашымі НПЗ, атрымае допуск да трубы, транзіту, паставак праз "Транснафту" як агента. Тут ніякіх абмежаванняў не будзе. І мы чакаем, што цікавасць да нашай краіны і рынку з боку гэтых - больш дробных і сярэдняга ўзроўню - суб'ектаў павысіцца, і мы зможам у хуткім часе гэтыя кантракты заключыць", - заявіў Дзмітрый Крутой.

Ён таксама паведаміў, што Уладзімір Пуцін назначыў Дзмітрыя Козака адказным па рабоце з Беларуссю на нафтавым рынку. Цяпер намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Расіі, да нядаўняга часу ён курыраваў энергетычную сферу на пасадзе віцэ-прэм'ера. "Яму спецыфіка ўсіх нашых узаемаадносін знаёма і ён паабяцаў на сваім узроўні, калі неабходна, каардынаваць і аператыўна вырашаць усе ўзнікаючыя пытанні. Але мы чакаем (гэта вялікі прарыў нашых бягучых дамоўленасцей), што ў хуткім часе гэта нафтавая праблема вырашыцца цалкам", - рэзюмаваў Дзмітрый Крутой.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі