ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 6 ліпеня 2020
Мінск Пераменная воблачнасць +22°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 мая 2020, 14:07

Краінам СНД неабходна дзейнічаць разам для мінімізацыі ўплыву пандэміі на эканоміку - Румас

29 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краінам СНД неабходна дзейнічаць разам для мінімізацыі ўплыву пандэміі на эканоміку. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас у час пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД у фармаце відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы змаглі пераканацца ў вострай неабходнасці далейшага паглыблення інтэграцыі па шэрагу напрамкаў супрацоўніцтва. Выкліканы пандэміяй вельмі глыбокі спад у сусветнай эканоміцы, неабходнасць адаптавацца да новых рэалій вымушаюць нас шукаць ахоўныя механізмы і апорныя пункты развіцця, у першую чаргу ў рамках уласнага рэгіёна, які мае развітыя традыцыйныя сувязі і даверныя адносіны", - сказаў Сяргей Румас.

Ён адзначыў, што цяпер стратэгічнай мэтай кожнай дзяржавы з'яўляецца мінімізацыя негатыўнага ўплыву існуючай сітуацыі на насельніцтва і эканоміку, захаванне сацыяльна-эканамічнай і фінансавай стабільнасці.

"Аднак ва ўмовах узаемазалежнасці нашых прамысловых, сельскагаспадарчых і транспартных комплексаў вырашэнне гэтай задачы можа быць дасягнута толькі разам, сумеснымі намаганнямі нашых краін. На мой погляд, настае час сістэмных дзеянняў па рэалізацыі агульнай эканамічнай стратэгіі, накіраванай на ўзмацненне самадастатковасці Садружнасці, у першую чаргу ў сферах, якія забяспечваюць здароўе і жыццядзейнасць людзей", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

На яго думку, мэтазгодна даручыць выканкаму СНД у бліжэйшы час арганізаваць пасяджэнні галіновых камітэтаў для абмеркавання абумоўленых пандэміяй праблемных пытанняў, якія прыводзяць да парушэння гандлю і транспартных зносін. Сяргей Румас таксама лічыць неабходным распрацаваць меры для павышэння надзейнасці функцыянавання кааперацыйных сувязей, каб не дапусціць зрываў паставак камплектуючых і прыпынення вытворчасцей, павысіць іх устойлівасць да знешніх шокаў.

"У перспектыўным плане прапаную акрэсліць сумесныя прыярытэты развіцця з факусіроўкай на галінах, якія на гэты час маюць вырашальнае значэнне для стрымлівання распаўсюджвання віруса, а таксама могуць прыносіць карысць эканоміцы і ў далейшым. Трэба таксама прадумаць магчымасць стварэння канверсійных вытворчасцей для патрэб рэгіёна, надзвычайных сітуацый", - адзначыў ён.

Прэм'ер-міністр абазначыў асаблівую значнасць развіцця сістэмы аховы здароўя і здольнасці яе рэагавання на эпідэмічныя пагрозы. "Яшчэ зусім нядаўна мы нават не маглі ўявіць, наколькі сусветная эканоміка будзе залежнай ад эпідэміялагічнай абстаноўкі, ад эфектыўнасці медыцыны ў яе барацьбе з віруснай інфекцыяй. А сёння развіццё сітуацыі з каранавірусам - дамінуючы фактар у выбудоўванні любых эканамічных прагнозаў і планаў", - звярнуў увагу ён.

Сяргей Румас станоўча выказаўся аб арганізаванай выканкамам СНД рабоце Каардынацыйнага савета па праблемах санітарнай аховы тэрыторый дзяржаў - удзельніц СНД ад завозу і распаўсюджвання асабліва небяспечных інфекцыйных хвароб. "Прапаную стварыць на партале СНД спецыялізаваную анлайн-пляцоўку, якая дасць спецыялістам магчымасць і вучоным аператыўна абменьвацца думкамі і шукаць новыя шляхі вырашэння праблемы", - дадаў ён.

Прэм'ер-міністр таксама адзначыў важнасць узмацнення ўзаемадзеяння паміж Выканкамам СНД і ЕЭК.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі