
21 лістапада, Сочы /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія вядуць работу па вызначэнні цэнавых умоў пастаўкі газу ў 2023 годзе. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч у кулуарах міжнароднага форуму "Атамэкспа" ў Сочы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяпер вядзецца работа па вызначэнні цэнавых умоў пастаўкі газу ў 2023 годзе і падрыхтоўка прынцыпаў функцыянавання рынку на перспектыву. Будуць створаны ўмовы для фарміравання аб'яднанага рынку газу Саюзнай дзяржавы", - расказаў Віктар Каранкевіч. Такая работа прадугледжана саюзнымі праграмамі.
Акрамя стварэння агульных энергетычных рынкаў, саюзныя праграмы прадугледжваюць развіццё супрацоўніцтва ў сферы атамнай энергетыкі. "Сёння будзе падпісана міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам. Можна сказаць, з падпісаннем гэтага дакумента ўсе мерапрыемствы саюзнай праграмы па развіцці атамнай энергетыкі будуць выкананы", - заявіў міністр.-0-