
23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эканомія затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг за апошнія тры гады склала Br290 млн, расказаў карэспандэнту БЕЛТА міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель.
Асноўныя мерапрыемствы ў напрамку стрымлівання росту затрат на аказанне ЖКП на пяцігодку вызначаны ў дзяржпраграме "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе" на 2021-2025 гады. Штогод кожнай арганізацыяй, якая ўваходзіць у сістэму МЖКГ, рэалізуюцца канкрэтныя планы арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў па стрымліванні росту затрат. "Дзякуючы прынятым мерам у апошнія гады забяспечана выкананне запланаванага ўзроўню па зніжэнні затрат на аказанне ЖКП насельніцтву не менш як на 5 працэнтаў у супастаўных умовах. Эканомія затрат за тры апошнія гады склала каля Br290 млн, з іх у 2022 годзе - больш за Br100 млн", - адзначыў міністр.
Што датычыцца тарыфаў, то дзяржаўны падыход да тарыфнай палітыкі ў сферы ЖКГ сацыяльна арыентаваны - яна цесна ўвязана з ростам даходаў грамадзян. "Заканадаўча вызначаны дакладныя падыходы па змяненні тарыфаў - яны могуць павышацца два разы ў год з 1 студзеня і 1 чэрвеня не больш як на $5 у год у эквіваленце. Гэта патрабаванне выконваецца на працягу многіх гадоў і адыходзіць ад яго сёння, наколькі мне вядома, ні ў кога намераў няма. Як вынік - плата за паслугі ЖКГ у Беларусі значна ніжэйшая, чым у сумежных краінах, і займае адносна невысокую ўдзельную вагу ў даходах беларускіх сем'яў", - падкрэсліў кіраўнік ведамства.
У 2020-2021 гадах на гэтыя мэты з сямейнага бюджэту трацілася ў сярэднім ад 4,7 працэнта да 4,8 працэнта (пры двух працуючых, якія атрымліваюць рэспубліканскую заработную плату і пражываюць у тыпавой кватэры). Міністэрства ЖКГ арыентуецца на гэтыя лічбы і ў 2023 годзе. Што датычыцца сям'і з двух пенсіянераў, якія атрымліваюць сярэднерэспубліканскую пенсію, тот тут доля расходаў на ЖКП у сукупным даходзе сям'і крыху вышэйшая за 10 працэнтаў.
"Па ўзроўні развіцця ЖКГ насельніцтва шмат у чым мяркуе аб эфектыўнасці выканаўчай улады. Вада, цяпло, святло - без гэтых выгод цывілізацыі немагчыма ўявіць сучаснае жыццё. Узровень камфорту ў нашых дамах сведчыць аб жыццяздольнасці існуючай мадэлі, а цана гэтага камфорту яшчэ раз пацвярджае сацыяльную накіраванасць яе работы", - сказаў Андрэй Хмель.-0-