
8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заклікаў да больш актыўнага развіцця прамысловай кааперацыі ў ЕАЭС у час пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета ў Сочы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Два тыдні таму ў Маскве кіраўнікі нашых дзяржаў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета прынялі знакавае рашэнне па стымуляванні ў ЕАЭС прамысловай кааперацыі. Нягледзячы на важнасць фінансавых пытанняў, на ўзроўні краін "пяцёркі" ўзгоднены рух у бок падтрымкі сумесных праектаў у галіне прамкааперацыі з інтэграцыйным складнікам за кошт іх субсідзіравання з бюджэту ЕАЭС. Хачу заклікаць да больш актыўнага руху па траекторыі кааперацыі. Так, прынята рашэнне па субсідзіраванні працэнтных ставак, але пакуль не прыняты асноўныя рашэнні па рэалізацыі самой праграмы. Заклікаю сканцэнтравацца на практычных праектах, ад якіх выйграем усе мы. Зацягванне гэтага пытання вядзе да размывання інтэграцыйнага эфекту, які мы маглі б атрымаць у рамках саюза", - сказаў Раман Галоўчанка.
Ён падкрэсліў, што ў самы бліжэйшы час трэба прыняць усе неабходныя рашэнні і рухацца па гэтым шляху. "Трэба ўжо рыхтаваць іншыя праекты, якія па сваёй інавацыйнасці і запатрабаванасці былі б аналагічныя беларускай ініцыятыве "Еўразійскі электробус", - лічыць прэм'ер-міністр.
Ён таксама адзначыў, што ў рашэнні аб стымуляванні ў ЕАЭС прамысловай кааперацыі ёсць яшчэ адзін немалаважны аспект. "Акрамя адчувальнага эфекту для рэальнага сектара эканомікі яно паказвае намеры ўзмацніць паўнамоцтвы ЕЭК, даць нашаму выканаўчаму органу больш інструментаў для стымулявання практычных дзеянняў", - звярнуў увагу кіраўнік беларускага ўрада.
"ЕАЭС - гэта вялікі ўнутраны рынак, ёмісты, на якім запатрабавана высокатэхналагічная і сучасная прадукцыя. Прадпрыемствы ў нашых краінах проста абавязаны самі вырабляць і тэхналагічнае абсталяванне, і аснастку, і сучасную сельгастэхніку, і трактары, і грузавыя аўтамабілі, і гэтак далей, пры гэтым абапіраючыся на ўласныя распрацоўкі і навукова-тэхнічныя рашэнні", - рэзюмаваў Раман Галоўчанка.-0-