ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 23 мая 2022
Мінск Пераменная воблачнасць +13°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
03 снежня 2021, 16:05

Галоўчанка: інфляцыя стала агульнасусветнай праблемай, але гэта не тлумачэнне для нас

Фота з архіва
Фота з архіва

3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інфляцыя стала агульнасусветнай праблемай. Аб гэтым сёння заявіў журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гаворачы аб інфляцыйных працэсах, прэм'ер-міністр растлумачыў, што гэта цяпер сусветная праблема, з ёй сутыкнуліся і партнёры Беларусі па Еўразійскім эканамічным саюзе. "Свет уступіў у эпоху высокай інфляцыі, прычыны вядомыя: гэта і беспрэцэдэнтная эмісія, якая была з боку цэнтрабанкаў еўразоны, Злучаных Штатаў, і сусветны рост цэн з-за таго, што разарваліся гандлёвыя, вытворчыя і лагістычныя ланцужкі", - адзначыў ён.

Раман Галоўчанка прывёў даныя Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН: толькі за студзень-верасень цэны на прадукты харчавання ў свеце выраслі на 30 працэнтаў. Кошт кантэйнерных перавозак павялічыўся практычна ў тры разы. "Гэта вялікія затраты, якія вытворцы ўключаюць у кошт сваіх тавараў і паслуг. Таму, зразумела, гэтыя ўзросшыя выдаткі транслююцца ў цэны. Гэта так званая імпартуемая інфляцыя", - сказаў кіраўнік урада.

"Гэта рэальнасць, але не тлумачэнне для нас. Мы разумеем, што проста гаварыць людзям "вы ведаеце, цэны растуць, дык гэта ж не ў нас, гэта з-за мяжы прывезлі" ўрад не можа сабе дазволіць", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, урад прадоўжыць прымаць меры для зніжэння інфляцыі: па адміністрацыйным рэгуляванні і эканамічнага характару. Пэўных вынікаў ужо ўдалося дабіцца. "Калі б не тыя меры, якія мы прымалі, у тым ліку па адміністрацыйным стрымліванні цэн (хоць мы не лічым, што гэта самы лепшы інструмент, але тым не менш), то інфляцыя ў рэспубліцы была б двухзначнай, - заявіў ён. - І ў наступным годзе пэўны ўплыў (негатыўных знешніх фактараў. - Заўвага БЕЛТА) захаваецца, але сітуацыя супакоіцца. Ужо цяпер мы па выніках кастрычніка бачым, што інфляцыя запаволілася. І за 23 дні лістапада рост цэн склаў усяго 0,2 працэнта. За месяц гэта будзе, можа, 0,3 працэнта. Гэта стандартны ўзровень цэнавага росту, які мы мелі ў неінфляцыйныя гады", - адзначыў прэм'ер-міністр.

У той жа час ён звярнуў увагу на тое, што на фоне ўзросшай інфляцыі рэальныя даходы насельніцтва выраслі яшчэ больш. "Гэта таксама невялікая перамога над ёй", - заявіў кіраўнік урада.

Як паведамлялася, на нарадзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыняць меры па зніжэнні інфляцыі. "Пытанні грашова-крэдытнай палітыкі традыцыйна праходзяць у нас у нейкім аблегчаным фармаце. Але не на гэты раз, - адзначыў беларускі лідар. - Самая абмяркоўваемая тэма цяпер - высокая інфляцыя". Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: ёсць аргументы, што інфляцыя "імпартавана", але не трэба канцэнтравацца толькі на іх. "Мы плануем у наступным годзе мець адназначную лічбу інфляцыі 6 працэнтаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі