ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Пятніца, 3 красавіка 2020
Мінск Пераменная воблачнасць +4°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 лютага 2020, 18:57

ЕБРР да канца года зоймецца распрацоўкай новай краінавай стратэгіі для Беларусі

Сума Чакрабарці
Сума Чакрабарці

6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця да канца 2020 года зоймецца распрацоўкай новай краінавай стратэгіі для Беларусі на пяцігадовы перыяд, паведаміў сёння журналістам прэзідэнт ЕБРР Сума Чакрабарці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Парадак дня на гэты год у нас даволі інтэнсіўны. Да канца года плануем перайсці да распрацоўкі новай краінавай стратэгіі для Беларусі. Хутчэй за ўсё, будзем чакаць завяршэння прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і пасля правядзення Савета па замежных інвестыцыях пяройдзем да падрыхтоўкі стратэгіі з Беларуссю на пяцігадовую перспектыву. Яна закране перыяд з 2021 па 2025 год, дзе будуць змешчаны асноўныя напрамкі работы па палітыцы рэфармавання і нашых інвестыцыях", - паведаміў Сума Чакрабарці.

Паводле яго слоў, гэта краінавая стратэгія будзе адлюстроўваць перш за ўсё прыярытэты, агучаныя ўрадам, але таксама там знойдзе адлюстраванне шэраг пытанняў, у якіх зацікаўлены ЕБРР, - работа з дзяржаўнымі банкамі і прадпрыемствамі, па інфраструктурных праектах як на нацыянальным, так і муніцыпальным узроўні.

"На нацыянальным узроўні - гэта праекты па дарогах, магчыма, чыгунцы. На муніцыпальным - работа з водаканаламі, ачышчальнымі збудаваннямі, праекты па павышэнні энергаэфектыўнасці жылых будынкаў", - растлумачыў прэзідэнт ЕБРР.

Сума Чакрабарці выказаў упэўненасць, што ў новай стратэгіі будзе 1-2 абсалютна новыя напрамкі, па якіх ЕБРР у Беларусі не працаваў да гэтага часу. "Прэзідэнт не раз гаварыў аб важнасці развіцця зялёнай эканомікі ў Беларусі, і мы працуем ужо над гэтым напрамкам. Думаю, праз год будзе больш зразумела, як будзем планаваць развіваць электрычны транспарт у краіне. Таксама я абмяркоўваў з Прэзідэнтам Беларусі і прэм'ер-міністрам магчымасць рэалізацыі праектаў у сферы аховы здароўя. У нас ёсць падобны вопыт работы ў Турцыі, дзе будуюцца клінікі на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства", - удакладніў Сума Чакрабарці.

ЕБРР - шматбаковы банк, які садзейнічае развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў 38 эканоміках на трох кантынентах. Акцыянерамі банка з'яўляюцца 69 краін, а таксама ЕС і ЕІБ. З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвесціраваў амаль 2,9 млрд еўра ў 130 праектаў у розных сектарах эканомікі краіны. У 2019 годзе ЕБРР устанавіў новы рэкорд сваёй дзейнасці ў Беларусі: банк уклаў больш як 390 млн еўра ў 24 праекты ў прыватным і дзяржаўным сектарах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі