
12 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Еўразійскі эканамічны саюз плануе развіваць далейшае супрацоўніцтва з Кітаем у сферах транспарту, лагістыкі, тэхналогій і фінансаў. Аб гэтым заявіў на брыфінгу член Калегіі (міністр) па гандлі Еўразійскай эканамічнай камісіі Андрэй Сляпнёў, адказваючы на пытанне аб ходзе рэалізацыі ініцыятывы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб спалучэнні ЕАЭС з кітайскім праектам "Адзін пояс, адзін шлях", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Што датычыцца спалучэння, то ў нас ёсць пагадненне, якое заключана яшчэ ў 2018 годзе наконт гэтага. Мы яго актыўна рэалізуем, і цяпер сумесна з кітайскім бокам вывучаем ужо і далейшыя крокі па такім пытанні. Напрамкі відавочныя: транспарт, лагістыка (што цяпер асабліва важна з улікам усіх змяненняў, якія адбываюцца, тут наш саюз займае ўнікальнае геаграфічнае становішча, дае ўнікальныя магчымасці для развіцця ўнутрыкантынентальных калідораў Поўнач-Поўдзень і Усход-Захад), тэхналагічнае супрацоўніцтва, пытанні новай фінансавай устойлівай сістэмы, харчовай і энергетычнай бяспекі. Напэўна, цяжка нават назваць сферу, дзе ў нас не было б перспектыў узаемадзеяння з Кітаем", - сказаў Андрэй Сляпнёў.
Ён паведаміў, што кантакты паміж ЕАЭС, Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Кітаем ідуць на рэгулярнай аснове. "У гэтым плане саюз у рамках сваіх кампетэнцый, безумоўна, робіць усё, каб адпавядаць прыярытэтам кожнай з дзяржаў-членаў", - адзначыў міністр ЕЭК.
Андрэй Сляпнёў таксама нагадаў, што ў мінулым годзе паміж ЕАЭС і Кітаем зафіксаваны рэкордны тавараабарот. "Па нашых лічбах, гэта каля $215 млрд, па кітайскіх лічбах - нават яшчэ вышэй. Рост істотны, ён прадаўжаецца ўжо на працягу некалькіх гадоў, цяпер прадаўжае расці і далей. Што важна, з Кітаем у нас збалансаваны гандаль, гэта значыць наш экспарт і імпарт практычна роўныя", - дадаў міністр ЕЭК.-0-