ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Аўторак, 7 красавіка 2020
Мінск Ясна +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 лютага 2020, 20:00

Чарвякоў расказаў аб прычынах невыканання прагнозных паказчыкаў у 2019 годзе

Аляксандр Чарвякоў
Аляксандр Чарвякоў

11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэмпы росту беларускай эканомікі ў 2019 годзе былі ніжэйшыя, чым чакалася. Аб тым, якія фактары паўплывалі на гэта, расказаў 11 лютага журналістам міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў перад пасяджэннем Савета Міністраў аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Па выніках мінулага года рост ВУП склаў 1,2 працэнта пры прагнозе 4 працэнты. Сярод асноўных прычын, якія выклікалі запаволенне росту, міністр адзначыў адкрытасць беларускай эканомікі. З-за гэтага, паводле яго слоў, яна адчувальная да ўплыву знешніх шокаў (звужэнне рынкаў збыту, гандлёвыя бар'еры, абмежаванні і іншае). "У выніку мы недаатрымалі па знешнім гандлі практычна больш за $2,5 млрд, што і стала асноўнай прычынай невыканання прагнозных паказчыкаў", - адзначыў Аляксандр Чарвякоў.

Тым не менш, эканоміка расла. "Асноўны ўклад у гэта ўнеслі спажыванне і інвестыцыі, - сказаў міністр. - Спажыванне праз рознічны тавараабарот склала больш за 104 працэнты. Гэта было забяспечана ў першую чаргу ростам даходаў і заработнай платы".

Аляксандр Чарвякоў звярнуў увагу, што тэмпы росту заработнай платы і даходаў у мінулым годзе апярэджвалі тэмпы росту спажывання. "Гэта сведчыць аб тым, што мадэль паводзін насельніцтва мяняецца: людзі больш давяраюць банкам, фінансавай сістэме і робяць стаўку на доўгатэрміновыя інвестыцыі. У выніку тэмп росту інвестыцый у 2019 годзе склаў 105 працэнтаў", - дадаў ён.

Што датычыцца ацэнкі гэтага года, міністр эканомікі адзначыў: "Сітуацыя, якая складваецца на знешніх рынках, паказвае, што першы квартал будзе пад уплывам фактараў бюджэтнага сцэнарыя (згодна з якім рост ВУП па выніках года прадугледжаны на ўзроўні 1,9 працэнта. - Заўвага БЕЛТА)". Паводле прагнозу Мінэканомікі, ВУП за студзень-сакавік складзе 99-100 працэнтаў да ўзроўню аналагічнага перыяду 2018 года.

Сёння на пасяджэнні планавалася разгледзець меры, якія неабходна прыняць для таго, каб выйсці на прагнозны параметр па кварталу. Акцэнт, паводле слоў міністра, у першую чаргу будзе рабіцца на сферу паслуг, таксама вялікую ўвагу плануецца ўдзяліць павышэнню эфектыўнасці дзяржсектара, больш высокай аддачы ад тых інвестпраектаў, на якія ўжо затрачаны рэсурсы, а таксама тым кропкам росту, якія сёння звязаны з развіццём свабодных эканамічных зон, Парка высокіх тэхналогій і Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. "У сукупнасці ўсё гэта павінна кампенсаваць страты, звязаныя з пытаннямі на знешнім контуры", - лічыць Аляксандр Чарвякоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі