ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 22 верасня 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +4°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 ліпеня 2021, 17:20

Белстат: 67,6 працэнта насельніцтва Беларусі ва ўзросце 15-74 гады было занята ў эканоміцы ў II квартале

23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узровень занятасці насельніцтва Беларусі ў II квартале 2021 года склаў 67,6 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва ва ўзросце 15-74 гады, а ўзровень беспрацоўя па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы - 4 працэнты ад колькасці рабочай сілы. Гэта вынікае з даных выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак, праведзенага Белстатам для вывучэння праблем занятасці насельніцтва, паведамляе БЕЛТА.

У тым ліку сярод жанчын узровень занятасці і беспрацоўя ніжэйшы - 63,8 працэнта і 3,3 працэнта адпаведна (сярод мужчын - 72 працэнты і 4,7 працэнта). Калі параўноўваць сітуацыю сярод гарадскога і сельскага насельніцтва, то беспрацоўе сярод першых крыху вышэйшае (4,1 працэнта супраць 3,5 працэнта).

Самы высокі ўзровень занятасці прыпадае на ўзрост 25-50 гадоў. І з вышэйшай адукацыяй работу мае крыху большы працэнт грамадзян, чым с сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай.

Згаданае абследаванне дамашніх гаспадарак праводзіцца ў адпаведнасці з метадалогіяй МАП на штоквартальнай аснове сярод насельніцтва ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў уключна. Яно дапамагае сабраць інфармацыю аб колькасці рабочай сілы, занятых, беспрацоўных, а таксама асобах, якія не ўваходзяць у склад рабочай сілы, па палавой прыкмеце, узросце, узроўні адукацыі і іншых дэмаграфічных і сацыяльна-эканамічных характарыстыках.

Ніжняя ўзроставая мяжа вызначана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ААН: мінімальны ўзрост для вызначэння эканамічнай актыўнасці насельніцтва не павінен перасягаць 15 гадоў. А верхняя - з улікам наяўнасці фактаў эканамічнай дзейнасці.

Апытваюць жыхароў усіх абласцей і Мінска па выбарачным метадзе - усяго 0,8 працэнта ад агульнай колькасці дамашніх гаспадарак краіны. А ў далейшым вынікі распаўсюджваюцца на ўсю колькасць насельніцтва ў абследаваным узросце.

У Белстаце растлумачылі, у чым адрозненне такога метаду ад бягучай ацэнкі, якая атрымліваецца на аснове форм дзяржаўных статыстычных назіранняў, даных абследавання, адміністрацыйных даных. Улік занятага насельніцтва пры правядзенні выбарачнага абследавання ажыццяўляецца па месцы пражывання, а не па месцы работы. Інакш кажучы, ужо ўлічваюцца людзі, якія пры бягучай ацэнцы маглі адсутнічаць на рабочым месцы ў сувязі з водпускам па цяжарнасці і родах і па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, таксама ваеннаслужачыя тэрміновай службы, асобы, якія працуюць за межамі рэспублікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі