Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
02 лютага 2023, 12:29

Асмалоўскі: імпартазамяшчэнне можа стаць асноўным напрамкам гандлю з Ніжагародскай вобласцю

2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Імпартазамяшчэнне можа стаць асноўным напрамкам гандлю Беларусі і Ніжагародскай вобласці Расіі. Аб гэтым заявіў старшыня праўлення Беларускай універсальнай таварнай біржы Аляксандр Асмалоўскі на бізнес-форуме для беларускіх і ніжагародскіх дзелавых колаў, арганізаваным у Ніжнім Ноўгарадзе гандлёва-прамысловымі палатамі Беларусі і Ніжагародскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.

Аляксандр Асмалоўскі адзначыў, што, улічваючы значны прамысловы патэнцыял Беларусі і Ніжагародскай вобласці і цесныя кааперацыйныя сувязі паміж прадпрыемствамі, імпартазамяшчэнне можа стаць магістральным напрамкам двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы біржавога гандлю. "Біржавыя таргі забяспечаць ніжагародскім вытворцам прамы доступ на беларускі рынак камерцыйных закупак, а гэта тысячы прадпрыемстваў прамысловага, энергетычнага, аграрнага і будаўнічага сектараў, гатовыя на рэгулярнай аснове набываць шырокі асартымент імпартазамяшчальных тавараў. Палімерныя вырабы, пластмасы, будаўнічы інструмент, запчасткі для аўтамабіляў і тэхнікі, спецадзенне - уся гэта прадукцыя, якая выпускаецца ў Ніжагародскай вобласці, карыстаецца попытам у Беларусі. Кожны дзень мы рэгіструем больш за 500 новых заявак. У сваю чаргу беларускія экспарцёры зацікаўлены ў пастаўках запатрабаванага ў Ніжагародскай вобласці вугляроднага валакна, смол, ацвярджальнікаў, дыёдаў, транзістараў, помпавага абсталявання. На нашай пляцоўцы актыўна працуюць усе айчынныя флагманы, а таксама малы і сярэдні бізнес. Для многіх з іх біржа - неад'емны элемент тавараправоднай сеткі і адзін з ключавых каналаў збыту", - расказаў кіраўнік БУТБ.

Ніжагародская вобласць прадстаўлена на біржавой пляцоўцы 67 кампаніямі, 10 з якіх акрэдытаваліся на БУТБ у мінулым годзе. Аснову тавараабароту ў 2022 годзе склала прадукцыя чорнай металургіі, нафтахіміі і сельскай гаспадаркі. У Ніжагародскай вобласці закупляліся электразварныя трубы, каляровы металапракат і талавае масла, а з Беларусі ішлі пастаўкі ацетонцыянгідрыну і скураных паўфабрыкатаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі