ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 2 ліпеня 2022
Мінск Малавоблачна +20°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 мая 2022, 09:41

Знакамітыя шэдэўры і малавядомыя карціны - у Маскве адкрылася выстава Бялыніцкага-Бірулі

18 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Выстава жывапісу выдатнага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, арганізаваная Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі, адкрылася 17 мая ў Маскве. Экспазіцыя заняла адразу некалькі выставачных залаў галерэі мастацтваў Зураба Цэрэтэлі музейна-выставачнага комплексу Расійскай акадэміі мастацтваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У прывітанні арганізатарам і ўдзельнікам вернісажу міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч адзначыў, што творчасць Бялыніцкага-Бірулі, прасякнутая ідэаламі гуманізму і чысціні, атрымала сусветнае прызнанне. І хоць мастак большую частку жыцця правёў за межамі Радзімы, усе яго работы прасякнуты беларускімі матывамі. Мастак належыць дзвюм культурам - беларускай і расійскай. Сімвалічна, што і гэта выстава сумесная, падкрэсліў міністр.

У сваю чаргу прэзідэнт Расійскай акадэміі мастацтваў народны мастак СССР Зураб Цэрэтэлі назваў гэту выставу чарговым і своечасовым праектам, які сведчыць аб цеснай сувязі двух народаў. Паводле яго слоў, выстава мае асаблівае значэнне для асэнсавання сфарміраванага на мяжы ХХ стагоддзя мастацкага напрамку - жывапісу настрою. "Упэўнены, што сумеснае ўшанаванне выдатнага жывапісца стане значнай вяхой культурнага жыцця і Беларусі, і Расіі", - падкрэсліў Зураб Цэрэтэлі.

У размове з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў, які з'яўляецца аўтарам ідэі і каардынатарам праекта, адзначыў сімвалізм таго, што юбілей Бялыніцкага-Бірулі супаў у нашай краіне з Годам гістарычнай памяці. "Сімвалічна і тое, што выстава праходзіць у Расійскай акадэміі мастацтваў. Мы доўга думалі, дзе яе арганізаваць і вырашылі ўсё ж правесці яе ў родных сценах майстра, бо ён двойчы акадэмік: з 1908 года - Расійскай імператарскай акадэміі мастацтваў і з 1947 года - Акадэміі мастацтваў СССР", - растлумачыў дырэктар музея.

Паводле слоў Уладзіміра Пракапцова, для выставы ў Маскве былі адабраны самыя лепшыя творы розных перыядаў і розных цыклаў майстра. Усяго ў экспазіцыі прапанавана 60 жывапісных твораў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, а таксама 6 - з калекцыі Хімкінскай карціннай галерэі ім. С.М. Горшына. Прычым, некаторыя карціны яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя не пакідалі музейнага сховішча і яны практычна невядомы шырокай публіцы, нават беларускай.

У цырымоніі адкрыцця выставы, якая будзе экспанавацца да 26 чэрвеня, прынялі ўдзел прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Расіі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Беларускага саюза мастакоў і Расійскай акадэміі мастацтваў.

У час урачыстага адкрыцця выставы адбылася таксама цырымонія афіцыйнага гашэння дзяржаўных знакаў паштовай аплаты Беларусі і Расіі, прысвечаных 150-годдзю з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Акрамя таго, у рамках юбілею мастака ў Навукова-даследчым інстытуце Расійскай акадэміі мастацтваў 16-17 мая адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя "Пейзаж у рускім мастацтве другой паловы XIX - пачатку ХХ стагоддзяў. Эвалюцыя жанра". На ёй выступілі вядомыя беларускія і расійскія мастацтвазнаўцы, музейныя работнікі, якія абмеркавалі ўклад Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў эвалюцыя пейзажа і яго ролю ў развіцці пейзажнага жывапісу ХХ стагоддзя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі