ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 28 лістапада 2022
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 верасня 2022, 10:38

Выстава-конкурс дзіцячай творчасці да 140-годдзя Купалы і Коласа адкрылася ў Мінску

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканская выстава-конкурс дзіцячай творчасці "Пад небам сінім", прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, адкрылася ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыла на цырымоніі адкрыцця дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка, на выставе прадстаўлена мноства твораў юных творцаў з усіх куткоў Беларусі. Тэматыка работ самая разнастайная. Аўтары адлюстравалі родны край, прыроду, любоў, абрады, казкі, вобразы беларусаў, герояў твораў. Кожная творчая работа суправаджаецца радкамі з вершаў беларускіх пісьменнікаў.

"Янка Купала і Якуб Колас - пісьменнікі, якіх ведае кожны. Іх творы ўваходзяць у школьную праграму. Іх літаратурны здабытак - наша нацыянальная гордасць", - падкрэсліла Надзея Васільчанка.

Загадчыца аддзела культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Дзіяна Кавалевіч прызналася, што ёй вельмі радасна ад таго, што ў такі юбілейны год, калі праводзіцца мноства мерапрыемстваў да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, калі ідзе Год гістарычнай памяці, моладзь звяртаецца да каштоўнасцей, самабытнай беларускай культуры.

"Калі я глядзела работы, заўважыла, што вучні выбіралі часам і непапулярныя творы Янкі Купалы. Асабіста я парадавалася, што была адзначана паэма Янкі Купалы "Сон на кургане". Парадавала, што школьнікі сапраўды чыталі вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа, вывучалі іх і прапускалі праз сваё сэрца", - сказала Дзіяна Кавалевіч. Яна заўважыла, што дзвюх гэтых асоб малявалі прафесійныя мастакі. "Мне радасна, што і вы далучыліся да гэтай ганаровай справы", - падкрэсліла яна, звяртаючыся да школьнікаў.

Удзельнікамі выставы-конкурсу сталі навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Творчыя работы выкананы ў некалькіх намінацыях: "ілюстрацыя", "кніжная вокладка", "буктрэйлер", "анімацыя", "дэкаратыўна-прыкладная творчасць".

Выстава будзе працаваць па 15 кастрычніка. Яе арганізатары - Міністэрства адукацыі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Арганізатары праз такое мерапрыемства ставяць сабе за мэту патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне вучняў праз іх далучэнне да каштоўнасцей беларускай культурнай спадчыны, прыцягненне ўвагі дзяцей і творчай моладзі праз сродкі візуальнага мастацтва да творчасці беларускіх паэтаў, пошук і падтрымку юных талентаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі