
23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы рыхтуе летнюю прэм'еру - спектакль "Казка пра мёртвую царэўну..." па матывах знакамітай казкі Аляксандра Пушкіна. Карэспандэнт БЕЛТА паразмаўляла з рэжысёрам пастаноўкі Паўлам Марынічам, каб даведацца, чым будзе прывабліваць пастаноўка.
"Гэта класічная казка. Класіка цікава заўсёды. Таму што гэта матэрыял, які прываблівае ва ўсе часы. Мы нацэлены на тое, каб гэта было зразумела дзеткам, каб яны ўбачылі прыгожую класічную казку. Да таго ж выкарыстаны выдатны пераклад казкі на беларускую мову Алеся Якімовіча", - расказаў Павел Марыніч.
Паводле яго слоў, гэта казка пра каханне, чалавечую стойкасць, сяброўства, узаемадапамогу, пра адносіны бацькоў і дзяцей. "Таму яна будзе цікава ўсім. І, вядома, у першую чаргу цікава дзецям. Таму што там ёсць магічныя тэмы, дзе ёсць той свет", - адзначыў рэжысёр пастаноўкі. Гледачы змогуць убачыць такіх персанажаў, як Сонейка, Месяц, які спускаецца з нябёсаў, Елісея, ён звяртаецца да Ветру, які і дапаможа яму знайсці цудоўную царэўну.
Адной з адметнасцей казкі рэжысёр назваў персанаж злой мачахі-вядзьмаркі. "Мы робім шмат розных містычных фокусаў на сцэне. Мачаха заклікае чорную сілу ў выглядзе варон, якія матэрыялізуюцца ў яе служанку. У нас будзе ператварэнне мачахі з маладой прыгожай дзяўчыны ў старую, падобную да Бабы Ягі, і назад. Плануецца, што ў нас будзе хрустальны яблык, які будзе лунаць каля рук мачахі. Вось гэта магія, яна будзе прысутнічаць на працягу ўсёй казкі", - расказаў ён.
Дэкарацыямі займаўся мастак Ілья Падкапаеў. "Ён стварыў вельмі маляўнічыя і яркія дэкарацыі, якія дынамічна змяняюцца. Пастаянна нешта апускаецца, нешта паднімаецца. Таксама мы задзейнічаем відэапраекцыю. Мне здаецца, што дзеткам будзе вельмі цікава назіраць за гэтым", - падзяліўся меркаваннем Павел Марыніч.
Пастаноўка не толькі яркая, але і вельмі музычная. На працягу ўсёй казкі, а гэта прыкладна 50-55 мінут, гучыць прыгожая музыка, падабраны мелодыі розных кампазітараў.
Павел Марыніч таксама адзначыў, што адным з персанажаў казкі будзе вобраз самога Аляксандра Пушкіна. "Ён выступіць як аўтар задумы і персанаж, які раскажа нам гэту казку. І ў фінале гледачы будуць бачыць, як ён толькі задумвае казку ў сябе ў галаве. Дзеткі ўбачаць рэальны сілуэт Пушкіна і яго аўтограф", - расказаў рэжысёр.
Ён падзяліўся асабістымі дзіцячымі перажываннямі ад казкі Пушкіна. "Некалі на мяне ў дзяцінстве гэта казка зрабіла глыбокае ўражанне. А ўсё, што пакідае такія ўражанні, яно застаецца на ўсё жыццё. Таму я не скарачаў тэкст, пастараўся казку Аляксандра Пушкіна цалкам укласці ў пастаноўку. Многія цяпер любяць скараціць або дадаць нешта сваё. Але я хацеў зрабіць менавіта класічную казку", - сказаў Павел Марыніч.
Паводле яго слоў, ён таксама паглядзеў рэпертуары іншых тэатраў і прыйшоў да высновы, што гэту казку ніхто не ставіў на працягу гадоў дваццаці. "Некалі я паставіў такую казку ў Палескім драматычным тэатры, і яна з поспехам ішла. Але там была мультымедыйная казка, як мультфільм, толькі з жывымі артыстамі. А тут мы пераводзім казку на дэкарацыі", - адзначыў рэжысёр.
Работа над пастаноўкай пачалася яшчэ ў красавіку, а цяпер прадаўжаюцца рэпетыцыі. Арыенціровачна прэм'ера пастаноўкі адбудзецца 10-11 ліпеня.-0-