
24 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Фотавыстаўка "Космас І.Я. Міско" адкрылася сёння ў мастацка-выставачнай прасторы павільёна Рэспублікі Беларусь на ВДНГ у Маскве, паведамілі БЕЛТА арганізатары праекта.
Экспазіцыя прысвечана 90-годдзю скульптара, народнага мастака Беларусі Івана Міско і арганізавана сумесна з Музеем-запаведнікам Юрыя Гагарына і Музеем гісторыі горада Мінска.
"Творчасць аўтара шматгранная, але галоўная тэма твораў скульптара - касманаўтыка і яе героі. Гэтай тэме Іван Міско прысвяціў больш за 50 гадоў творчай дзейнасці, стварыўшы цэлую галерэю скульптурных партрэтаў расійскіх і замежных касманаўтаў, якія ляталі па праграме "Інтэркосмас". З асаблівым хваляваннем Іван Якімавіч ставіўся да Юрыя Гагарына і яго родных. Ён быў вялікім сябрам маці першага касманаўта Ганны Гагарынай. Ганна Цімафееўна неаднаразова наведвала майстэрню скульптара, кансультавала яго ў час стварэння скульптурнага партрэта сына, пазіравала яму ў час стварэння яе скульптуры", - расказалі арганізатары.
На выстаўцы прадстаўлены рэдкія фатаграфіі розных гадоў, у тым ліку зробленыя самім скульптарам. Яна будзе працаваць да 24 лютага.
Іван Міско ўдастоены медаля Францыска Скарыны, з'яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР і прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Яго работы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, музея гісторыі горада Мінска, Музея-запаведніка Ю.А. Гагарына ў горадзе Гагарын, Музея Зорнага гарадка.-0-