ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Серада, 29 студзеня 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць 0°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 снежня 2019, 09:51

Прэм'ера балета "Стварэнне свету" ў новай рэдакцыі Валянціна Елізар'ева адбудзецца 8 снежня

Фота з архіва
Фота з архіва

3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі запрашае 8 снежня на прэм'еру легендарнага балета "Стварэнне свету" ў новай рэдакцыі Валянціна Елізар'ева. Аб гэтым БЕЛТА паведаміла вядучы рэдактар прэс-цэнтра - аддзела інфармацыі тэатра Алена Балабановіч.

"У сярэдзіне лістапада Валянцін Елізар'еў пачаў работу над новай рэдакцыяй легендарнага балета "Стварэнне свету". Прэм'ера аўтарскай версіі спектакля, які жыве ў Вялікім вось ужо 43 гады, назначана на 8 снежня. Другі паказ - 10 снежня, трэці - 19 снежня", - расказала Алена Балабановіч.

Музыку да балета кампазітар Андрэй Пятроў напісаў па матывах папулярных малюнкаў французскага мастака Жана Эфеля, у якога біблейская гісторыя Адама і Евы расказана ў гумарыстычным рэчышчы. У 1971 годзе на сцэне Кіраўскага (цяпер - Марыінскага) тэатра з'явіўся балет "Стварэнне свету", - пастаўлены Наталляй Касаткінай і Васілём Васілевым. Партыю Адама выконваў Міхаіл Барышнікаў. "Калі я пазнаёміўся з музычным матэрыялам, мне ён здаўся надзвычай глыбокім, - гаворыць мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі, народны артыст СССР, прафесар Валянцін Елізар'еў. - І я думаў, як можна раскрыць гэту тэму глабальна, надаўшы ёй сусветны характар. Як асмеліцца і расказаць пра чалавецтва ў цэлым, пра тое, што яго можа чакаць у будучым".

Як прызнаецца Валянцін Елізар'еў, ён з захапленнем працаваў над спектаклем са сваімі цудоўнымі суаўтарамі - кампазітарам Андрэем Пятровым, дырыжорам Уладзімірам Машэнскім, мастаком Яўгенам Лысікам. Дарэчы, Андрэй Пятроў спецыяльна для Вялікага тэатра стварыў музычную рэдакцыю спектакля. У арыгінале гэта трохактовы балет, але кампазітар так натхніўся задумай Валянціна Елізар'ева, што нават дапісваў нейкія фрагменты. А на прэм'еры ў Мінску ў 1976 годзе, віншуючы артыстаў і пастаноўшчыкаў, Андрэй Пятроў не мог стрымаць сваіх эмоцый і сказаў, што гэты спектакль можна назваць, бадай што, самым удалым з усіх, што на той час існавалі ў Савецкім Саюзе і за мяжой. Так лічылі і гледачы: на кожным спектаклі быў аншлаг.

"Сучаснага чалавека заўсёды будзе хваляваць біблейская тэма, закранутая ў спектаклі, - прадаўжае Валянцін Елізар'еў. - Бог стварыў чалавецтва, а ўжо яно ў сваю чаргу стварае сучасны свет, у якім павінна жыць надзея і існаваць гармонія. Раблю новую аўтарскую рэдакцыю балета, таму што разумею: паставіць спектакль у тым выглядзе, у якім ён існаваў дзесяцігоддзі, мне нецікава. Ды і ў тэатры змяніліся пакаленні артыстаў, вось ад іх індывідуальнасцей і творчых магчымасцей і буду адштурхоўвацца, каб глыбей раскрыць тэму чалавека і чалавецтва ў цэлым. Вярнуцца да гэтай работы мне надзвычай цікава".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі