ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Пятніца, 21 лютага 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +1°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 студзеня 2020, 13:54

Графіку Ісахара-Бер Рыбака ўпершыню пакажуць у Беларусі

Фота з Facebook-акаўнта Музей Марка Шагала ў Віцебску
Фота з Facebook-акаўнта Музей Марка Шагала ў Віцебску

21 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Графіка Ісахара-Бер Рыбака ўпершыню будзе прадстаўлена ў Беларусі. З яго творчасцю пазнаёміць выстава ў Музеі Марка Шагала ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Экспазіцыяй "Штэтл. Мястэчка. Мой разбураны дом" музей 23 студзеня прадоўжыць серыю выстаў з прыватных калекцый. Цыкл прысвечаны вяртанню імёнаў мастакоў ХХ стагоддзя, якія ўнеслі ўклад у развіццё яўрэйскай культуры і мастацтва.

Аснову экспазіцыі складаюць манахромныя літаграфіі Ісахара-Бер Рыбака з выдання "Штэтл. Мястэчка. Мой разбураны дом. Успаміны", надрукаваныя ў Берліне ў 1923 годзе. Малюнкі, па якіх выкананы літаграфіі, датуюцца 1917 годам.

Перыяд авангарда першай трэці ХХ стагоддзя характарызаваўся, між іншым, росквітам нацыянальных культур. Усе работы Ісахара-Бер Рыбака ў той час (жывапіс, графіка) прысвечаны яўрэйскім сюжэтам. "Хоць Рыбак быў маладзейшы за Шагала, Лісіцкага і Альтмана, даследчыкі знаходзяць у яго мастацтве ўплыў гэтых мастакоў (галоўным чынам Шагала), а таксама адзначаюць рэмінісцэнцыі эстэтыкі яўрэйскага народнага мастацтва, лубка і кубізму. Пры гэтым Рыбаку неўласцівы ні эксперыментатарства Лісіцкага, ні метафізіка Шагала. Ён вельмі праўдзівы мастак, пазбаўлены сентыментальнасці. Тым не менш, яму ўласціва пачуццё трагічнага, што выяўляецца ў партрэтах, адлюстраванні знікаючага свету штэтла", - адзначылі ў музеі.

У 1930-я гады, жывучы ў Францыі, Ісахар-Бер Рыбак вызваліўся ад уплыву кубізму, перайшоўшы да больш рэалістычнай і экспрэсіянісцкай манеры. Гэтыя асаблівасці яго творчасці адлюстраваны ў каляровых літаграфіях.

Ісахар-Бер Рыбак - яўрэйскі і французскі жывапісец, графік, дэкаратар. У 1962 годзе ў горадзе Бат-Ям (Ізраіль) быў заснаваны Музей Ісахара-Бер Рыбака. На думку экспертаў, з-за ранняй смерці ва ўзросце 38 гадоў мастак не паспеў раскрыць увесь свой творчы патэнцыял.

Экспазіцыя арганізавана пры садзейнічанні сэрвісу "Ад і Да. Мастацтва без пасрэднікаў" і Фонду культурных і адукацыйных праграм "Адкрытае мора" (Расія).

Выстава будзе працаваць да 16 лютага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі