ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 4 снежня 2021
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 кастрычніка 2021, 17:44

Фрагмент кальчугі, пісала і шкляныя бранзалеты: у Полацку праводзяць раскопкі на Верхнім замку

22 кастрычніка, Полацк /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. На тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку з канца верасня працягваюцца раскопкі. Сваімі рукамі шукаюць полацкую старыну студэнты мясцовага ўніверсітэта, гісторыкі і жыхары горада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Плошча раскопу на частцы Верхняга замка складае каля 260 кв.м, праца ідзе на глыбіні прыкладна 2 м. Сенсацый ніякіх пакуль няма, але знойдзена шмат артэфактаў. Сярод іх фрагменты кальчугі і драўлянай лыжкі, пісала, кераміка, скураныя вырабы. Таксама раскрыты рэшткі старажытнага вала замка, фрагменты драўлянай забудовы XIII-XVI стагоддзяў, можна ўбачыць і печ канца XIII стагоддзя. Знойдзеную драўніну спецыялісты пазней будуць даследаваць, па кольцах можна будзе датаваць падзеі.

"Адшукалі яшчэ ручку нажа з косці, шкляныя бранзалеты, упрыгажэнні XII-XIII стагоддзяў. Знойдзеная лыжка - гэта тыповы для горада выраб, яе будуць кансерваваць. Знаходка такога прадмета, як пісала, сведчыць аб пісьменнасці жыхароў Полацка таго часу", - растлумачыў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Марат Клімаў.

Пачаць раскопкі археолагі планавалі ў пачатку лета, але з-за затрымкі ўстаноўкі канструкцый для ўмацавання падмурка аднаго з будынкаў працэс зацягнуўся. Зараз надвор'е не спрыяе паўнавартаснай працы: удзельнікі раскопак падчас дажджу выкарыстоўваюць тэнт, які ўжо пры моцным ветры не ратуе. Акрамя таго, пакуль для археолагаў не вылучылі невялікі вагончык, каб там на першы час размяшчаць знаходкі, фіксаваць іх, сагравацца і перакусваць. Побыт яны ўладкоўвалі самастойна з падручных сродкаў - добра што за многія гады працы ў розных умовах вопыту назапашана дастаткова.

На раскопках працуюць не толькі вучоныя і студэнты-гісторыкі, але і мясцовыя жыхары па дамове падраду з аплатай. Работнікі прызнаюцца, што гэта будуць сімвалічныя грошы. У першую чаргу, яны сюды прыйшлі, каб дапамагчы і дакрануцца да гісторыі. Два палачаніны Яўген Паўлаў і Ігар Самухін працуюць на чыгунцы - яны машыніст-памочнік і машыніст адпаведна. "Цяпер мы ў водпуску. Даведаліся, што будуць праводзіцца раскопкі, сазваніліся з іх кіраўніком і вось мы тут. Па-першае, цікава, гэта наша гісторыя, не проста зямля. Па-другое, можам паўдзельнічаць у пошуку старажытных рэчаў. Калі ты знаходзіш кавалак кальчугі, трымаеш яго ў руцэ - ну гэта вельмі крута! Калі водпуск скончыцца, і ў нас на працы будзе зручны графік, то будзем прыходзіць сюды ў выхадныя пакуль дазваляе надвор'е", - падзяліўся 25-гадовы Яўген. Для яго гэта першы вопыт працы ў археалогіі, але ён заўсёды цікавіўся гісторыяй роднага горада.

Ігар Самухін таксама ўраджэнец Полацка, прыйшоў з карысцю правесці водпуск. "Сюды і сваю шасцігадовую дачку Маргарыту прыводзіў. Ёй было цікава. Цяпер, калі пасля раскопак вяртаюся дадому, яна мяне распытвае, паказваю ёй фота нашых знаходак", - дадаў Ігар. Ён таксама мае намер у свабодны ад працы час прыходзіць на Верхні замак і працягваць дапамагаць.

Удзельнікі археалагічнай экспедыцыі збіраюцца падымаць пласты гісторыі да снегу і прыходу першых маразоў. "Пакуль холад не разлучыць нас", - жартуюць яны.

У Полацку на тэрыторыі Верхняга замка з 2019 года ідзе рэканструкцыя будынкаў былога бальнічнага гарадка пад Полацкае кадэцкае вучылішча. За будаўнічымі работамі ў гістарычным цэнтры горада вядуць нагляд археолагі. Яшчэ ў 1960-я гады Верхні замак даследаваў вядомы археолаг Георгій Штыхаў.-0-

Фота Аляксандра Хітрова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі