ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 2 ліпеня 2022
Мінск Малавоблачна +20°C
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
21 сакавіка 2022, 15:37

За якія распрацоўкі аспірантам назначылі прэзідэнцкія стыпендыі

Маладосць, адукаванасць, дапытлівы розум і жаданне ствараць - усё гэта пра будучых вучоных, якія пасля заканчэння магістратуры ў ВНУ пераходзяць на наступную ступень атрымання вышэйшай адукацыі - у аспірантуру. У бягучым годзе 70 аспірантаў атрымалі стыпендыі Прэзідэнта за выкананне дысертацыйных даследаванняў па прыярытэтных для краіны напрамках. У іх ліку прадстаўнікі тэхнічных, фізіка-матэматычных, біялагічных, хімічных, медыцынскіх, эканамічных, сельскагаспадарчых, гуманітарных навук і спорту, якія працуюць ва ўстановах адукацыі, навуковых і навукова-практычных арганізацыях. Новае званне для маладых вучоных - гэта не толькі прызнанне на вышэйшым узроўні, але і вялікі крок па кар'ернай лесвіцы, а таксама значная матэрыяльная падтрымка. Наваспечаныя стыпендыяты расказалі карэспандэнту БЕЛТА, за якія распрацоўкі былі ўдастоены высокай узнагароды.

Настасся Жаўлакова - аспірант кафедры менеджменту факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Стыпендыятам яна стала дзякуючы распрацоўцы методыкі фарміравання кошту прадукцыі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў на аснове выяўлення яе канкурэнтных пераваг па вытворча-эканамічных параметрах. Выбар тэмы вызначыла першая адукацыя - спецыяліст мытнай справы - і навуковы кіраўнік, які дапамог накіраваць веды ў патрэбнае рэчышча. "Эфектыўна дзеючая сістэма цэнаўтварэння з'яўляецца неад'емнай умовай развіцця нацыянальнай эканомікі. У прыватнасці, ад выбранай сістэмы залежыць ступень задаволенасці пакупнікоў, развіццё рыначных адносін, рост нацыянальнага даходу і валавой дабаўленай вартасці, інтэнсіфікацыя гаспадарчай дзейнасці арганізацый розных форм уласнасці. Мая работа прызначана ўдасканаліць ужо існуючую методыку фарміравання кошту з улікам рыначнай сітуацыі, якая пастаянна змяняецца, і сацыяльнай значнасці прадукцыі", - падзялілася Настасся.

Малады вучоны адзначыла, што вынікі яе даследавання будуць паступова ўкараняцца ў дзейнасць асобных беларускіх прамысловых прадпрыемстваў. Тым больш што работа над праектам не спыняецца. "У перспектыве - распрацоўка дадатковых элементаў методыкі. Яны дадуць магчымасць кіраўнікам прадпрыемстваў улічваць існуючыя рыначныя скажэнні і пры неабходнасці аператыўна пераходзіць ад адной стратэгіі фарміравання кошту да іншай", - падкрэсліла яна.

У якасці аспіранта Настасся ўпершыню атрымала прызнанне на высокім узроўні. Аднак яна была стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі ў перыяд навучання ў БНТУ і ўключана ў банк адоранай і таленавітай моладзі Беларусі.

Яшчэ адна стыпендыя Прэзідэнта ў аспіранткі кафедры эканомікі і права факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі той жа ВНУ Алены Нямкевіч. Яна даследуе сферу платных медпаслуг у краіне. "Рынак медыцынскіх паслуг уяўляе сабой адну з найбольш значных сацыяльных структур, якія аказваюць уплыў на стабільнае развіццё краіны, яго аптымізацыя з'яўляецца найважнейшай часткай палітыкі дзяржавы. Таму маё даследаванне накіравана на вызначэнне эканамічнай сутнасці і сацыяльна-эканамічнай эфектыўнасці платных медыцынскіх паслуг. Вынікі маёй работы дадуць магчымасць стварыць практычныя рэкамендацыі па ўдасканаленні арганізацыйна-эканамічнага механізма аказання платных медпаслуг, а таксама павышэнні іх сацыяльна-эканамічнай эфектыўнасці", - упэўнена аспірантка.

Званне стыпендыята Прэзідэнцкага фонду Алена атрымала другі раз. Першы быў яшчэ ў студэнцкія гады, на 3 курсе. Тады, паводле слоў дзяўчыны, і быў пакладзены пачатак яе навуковага шляху. "Такая высокая ўзнагарода паслужыла для мяне добрым стымулам да прадаўжэння работы і пабудовы навуковай кар'еры. Я ўпэўнена, што рухаюся ў правільным напрамку, і вельмі ўдзячна ўсім, хто мае дачыненне да майго поспеху, паколькі гэта не толькі мая заслуга, але і майго навуковага кіраўніка, а таксама кіраўніцтва і супрацоўнікаў кафедры, на якой я вучуся і працую", - адзначыла яна.

Сярод стыпендыятаў былі і тыя, хто атрымаў узнагароду ўпершыню. Аспірантка кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ганна Буклярэвіч вывучае ролю бялкоў адаптацыі бактэрый у працэсе ўтылізацыі вуглевадародаў і сінтэзе паверхнева-актыўных злучэнняў. Вынікі даследавання можна выкарыстоўваць для мэтанакіраванага паляпшэння ўласцівасцей біяпрэпаратаў для ачысткі навакольнага асяроддзя ад небяспечных забруджвальнікаў, напрыклад, пры аварыйных разлівах нафтапрадуктаў і іншых экалагічных бедствах. "Мне як мікрабіёлагу з часам стала вельмі цікава працаваць з бактэрыямі-дэструктарамі, - тлумачыць Ганна. - Гэтыя мікраарганізмы маюць практычна неабмежаваныя адаптыўныя магчымасці і з-за гэтага ў іх вельмі цікавыя асаблівасці ў генетычнай арганізацыі, якія прыцягваюць мяне як даследчыка. Плюс прыемна разумець, што твае распрацоўкі могуць палепшыць экалогію, і на месцы, дзе здавалася, ніколі больш не будзе жыцця, зноў растуць кветкі. Гэта радуе".

У планах вучонага - аптымізаваць параметры біятэхналагічнага культывавання мікраарганізмаў, якія ўваходзяць у састаў біяпрэпаратаў. Што дасць магчымасць яшчэ больш павысіць эфектыўнасць і хуткасць ачысткі глебы.

Працуюць даследчыкі ў розных сферах, на розных кафедрах, у розных ВНУ. У адным будучыя вучоныя сыходзяцца заўсёды - тэма павінна быць актуальная і значная. Бо вынікі работ аспірантаў, якім назначаны стыпендыі, выкарыстоўваюцца ў практычнай дзейнасці арганізацый прамысловасці, медыцыны, сельскай гаспадаркі, адукацыі, прадстаўлены на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях, апублікаваны ў навуковых выданнях. А назначаныя стыпендыі прызначаны падтрымаць творчую актыўнасць маладых талентаў і прыцягнуць у навуку адораных студэнтаў.

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі