ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 25 верасня 2023
Мінск Ясна +13°C
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
18 красавіка 2023, 18:01
Вадзім Радзевіч

Нацбанк пра сітуацыю на крэдытным рынку Беларусі

Вадзім Радзевіч
Начальнік упраўлення аналізу крэдытна-дэпазітных аперацый галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь

Пандэмія і санкцыі паўплывалі на сітуацыю на беларускім крэдытным рынку. Але сітуацыя стабілізавалася, і банкаўская сістэма гатова задаволіць попыт і юрыдычных асоб, і насельніцтва. Фізічныя асобы цяпер могуць узяць крэдыты як на нерухомую маёмасць, так і на куплю аўтамабіля, ды і проста любых тавараў, якія ім неабходны. Акрамя таго, Нацыянальны банк дае выразныя сігналы рынку па зніжэнні працэнтных ставак. З пачатку года стаўка рэфінансавання зніжалася тройчы. Цяпер яна складае 10,5 працэнта гадавых. Аб тэмпах і бягучых умовах крэдытавання расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення аналізу крэдытна-дэпазітных аперацый галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый Нацыянальнага банка Вадзім Радзевіч.

"Банкаўская сістэма сёння займае даволі актыўную пазіцыю і гатова задаволіць плацежаздольны попыт на крэдытныя рэсурсы з боку эканомікі ў цэлым у неабходных аб'ёмах. Ліквіднасць дастатковая, неабходныя ўмовы створаны", - адзначыў Вадзім Радзевіч.

Важную ролю ў гэтым пытанні мае працэнтная палітыка. Так, нараўне са стаўкай рэфінансавання штомесяц зніжаліся значэнні разліковых велічынь стандартнай рызыкі (РВСР). Гэта макрапрудэнцыяльны інструмент стрымлівання рызыкавай палітыкі банка, які выкарыстоўваецца ў мэтах забеспячэння фінансавай стабільнасці. "Улічваючы, што значная частка крэдытных прадуктаў банкаў і крэдытных партфеляў прывязана да базавых паказчыкаў (стаўкі рэфінансавання, стаўкі авернайт, РВСР), іх зніжэнне ўплывае на даступнасць новых крэдытаў і змяншэнне працэнтнай нагрузкі па ўжо выдадзеных крэдытах. Гэта істотная ўмова", - падкрэсліў прадстаўнік Нацбанка.

Крэдыты для фізічных асоб

Паводле слоў Вадзіма Радзевіча, крэдытаванне фізічных асоб у бягучым годзе можна ахарактарызаваць як аднаўленчае. "У пачатку мінулага года банкі вымушана прыпынялі спажывецкае крэдытаванне для таго, каб прыярытэтна накіроўваць рэсурсы прадпрыемствам для дапамогі. А ў гэтым годзе тэмпы крэдытавання фізічных асоб выйшлі на дадатны ўзровень - плюс 1,7 працэнта ў гадавым выражэнні", - звярнуў увагу ён.

За першы квартал крэдытаў на спажывецкія мэты выдадзена на суму Br2,2 млрд. "Банкі прапануюць людзям гібкія і зручныя ўмовы атрымання крэдытаў. Лінейка крэдытных прадуктаў пастаянна ўдасканальваецца і змяняецца, прапанаванне расце. Асабліва хацеў бы адзначыць, што банкі цяпер праводзяць актыўную работу па прадуктах і праграмах крэдытавання тавараў і паслуг айчынных вытворцаў. Сёння ў кожнага банка ў лінейцы прысутнічае такі прадукт. І, як правіла, умовы па такіх крэдытах больш выгадныя, чым у цэлым у лінейцы прадуктаў банкаў", - зрабіў акцэнт начальнік упраўлення.

Асобна ён закрануў тэму крэдытаў на нерухомую маёмасць. "Банкі разумеюць важнасць выканання дзяржаўнай праграмы па будаўніцтве жылля, таму гэтаму пытанню ўдзяляецца шмат увагі. У пачатку года, як правіла, зацвярджаюцца графікі будаўніцтва, дакрэдытоўваюцца аб'екты, пачатыя ў мінулым годзе, таму недзе з другога квартала тэмпы крэдытавання нерухомай маёмасці павялічацца", - прагназуе Вадзім Радзевіч.

Значная частка гэтых крэдытаў прадастаўляецца з дзяржаўнай падтрымкай - амаль Br174 млн за першы квартал. Яны прадастаўляюцца маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, шматдзетным сем'ям. "Немалаважна і тое, што растуць і рыначныя крэдыты на жыллё. Іх больш як палавіна ад агульнага аб'ёму крэдытаў на нерухомую маёмасць - 56 працэнтаў. Стаўкі па такіх крэдытах таксама зніжаюцца", - звярнуў увагу прадстаўнік Нацбанка.

"Што датычыцца крэдытаў на аўтамабілі, многія банкі працуюць з аўтадылерамі і прапануюць такую магчымасць. Прычым такія крэдыты, як правіла, таксама маюць асаблівыя ўмовы з ільготным перыядам налічэння працэнтаў. Напрыклад, па аўтамабільнай праграме Geely крэдыты прапаноўваюць некалькі банкаў", - адзначыў Вадзім Радзевіч.

Пераважная большасць спажывецкіх крэдытаў - авердрафты. Банк на пэўных умовах прадастаўляе кліенту права аплачваць тавары і паслугі на суму, якая перавышае памер астатку на рахунку. "Гэта зручны спосаб задаволіць свае патрэбы, калі кошт тавару не вельмі высокі, паколькі няма неабходнасці кожны раз ісці ў банк. Насельніцтва гатова купляць тавары ў рамках адкрытай крэдытнай лініі. У першым квартале за кошт авердрафту набыта тавараў на суму амаль Br1,2 млрд", - праінфармаваў прадстаўнік Нацбанка.

Паводле яго слоў, назіраецца паляпшэнне крэдытнай дысцыпліны насельніцтва. "Доля пратэрмінаваных крэдытаў - усяго 0,2 працэнта. І за першы квартал на Br3 млн знізілася запазычанасць па пратэрмінаваных крэдытах. У асноўным пратэрміноўкі датычацца спажывецкіх крэдытаў, а не крэдытаў на нерухомую маёмасць", - удакладніў начальнік упраўлення.

Крэдыты для юрыдычных асоб

Вадзім Радзевіч таксама расказаў, як змянілася сітуацыя для юрыдычных асоб. Паводле яго слоў, асноўная валюта крэдытавання суб'ектаў гаспадарання ў першым квартале 2023 года - беларускія рублі. Аб'ём такіх крэдытаў, выдадзеных банкамі і Банкам развіцця, ацэньваецца за першы квартал на ўзроўні Br23,3 млрд. Калі параўноўваць з першым кварталам мінулага года, то гэта ў 1,7 раза больш (тады было выдадзена каля Br13,4 млрд).

"Каб поўнасцю ахарактарызаваць карціну, трэба гаварыць пра гадавыя тэмпы. Гадавыя тэмпы прыросту рублёвага крэдытавання юрыдычных асоб складаюцца на даволі высокім узроўні - 28-33 працэнты (гэта ваганні на працягу першага квартала). Такога ўзроўню не было ні ў мінулым годзе, ні ў пазамінулым", - звярнуў увагу прадстаўнік Нацбанка.

Што датычыцца валютнага крэдытавання, адзначаюцца больш нізкія тэмпы. "Дынаміка гэтага крэдытавання фарміруецца ва ўмовах прыярытэтнага крэдытавання суб'ектаў гаспадарання ў беларускіх рублях для мінімізацыі валютных рызык і пад уплывам зніжэння доступу да валютнага фандавання і змянення валюты разліку з замежнымі партнёрамі. Крэдытаванне ў доларах і еўра паступова замяшчаецца крэдытаваннем у расійскіх рублях. Нават у юанях ужо на сёння ёсць крэдыты", - ахарактарызаваў сітуацыю Вадзім Радзевіч.

Так, за першы квартал юрыдычным асобам прадастаўлена крэдытаў на 93,8 млрд расійскіх рублёў і 203 млн кітайскіх юаняў.

Валерыя ГАЎРЫЛАВА,

БЕЛТА.

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі