ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 13 жніўня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць +25°C
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
01 кастрычніка 2013, 14:45

Ірына Камоска: Развіццё зялёнай эканомікі ў Беларусі мае добрыя перспектывы

Бурнае развіццё ў XX стагоддзі энергетыкі, машынабудавання, хімічнай прамысловасці, транспарту нанесла прыродзе ўрон у сотні разоў больш маштабны, чым за ўвесь папярэдні перыяд чалавечай дзейнасці. Апошнім часам на міжнародным узроўні атрымлівае паслядоўнае распаўсюджванне канцэпцыя экалагічнай, або зялёнай эканомікі. Пераход на такую мадэль развіцця прадугледжвае прымяненне метадаў рацыянальнага спажывання і папаўнення прыродных рэсурсаў. Аб тым, як ідуць справы з азеляненнем эканомікі ў Беларусі, карэспандэнт БЕЛТА разбіралася разам з начальнікам упраўлення прыродакарыстання і інавацыйнага развіцця Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ірынай Камоска.

ШТО ЗРОБЛЕНА?


Вяхой станаўлення экалагічнай эканомікі на міжнароднай арэне стаў саміт ААН па навакольнаму асяроддзю і развіццю, які прайшоў у 1992 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра, сабраўшы 178 урадавых дэлегацый. На гэтым форуме была выпрацавана канцэпцыя ўстойлівага развіцця, якая прадугледжвае, што ўсе краіны павінны распрацаваць свае праграмы, якія будуць садзейнічаць азеляненню эканомікі. У Беларусі такім дакументам стала Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця на 1997-2020 гады, для рэалізацыі якой распрацаваны цэлы комплекс дакументаў у сацыяльнай, жыллёвай, энергетычнай, прамысловай і іншых сферах, дасягнуты пэўныя экалагічныя і эканамічныя вынікі.

Наступным значным этапам развіцця зялёнай эканомікі быў 2012 год, калі на Канферэнцыі ААН па ўстойліваму развіццю "Рыа+20" было прапанавана накіраваць вектар развіцця сусветнай эканомікі ў бок яе азелянення. Канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел больш як 30 тыс. чалавек з усяго свету, стала кірмашом экалагічных ідэй. "Па выніках мерапрыемства беларускім урадам была адобрана сістэма мер па ўмацаванню тэхналагічнага патэнцыялу нацыянальнай эканомікі, што дае магчымасць забяспечыць яе функцыянаванне на экалагічных прынцыпах і прадугледжвае асноўныя напрамкі, вызначаныя на "Рыа+20", - адзначыла прадстаўнік Мінпрыроды. Акрамя таго, запланавана рэалізацыя мерапрыемстваў тэхналагічнага, арганізацыйна-прававога і эканамічнага характару на кароткатэрміновы, сярэднетэрміновы і доўгатэрміновы перыяды па такіх асноўных відах дзейнасці, як вытворчасць электрычнай і цеплавой энергіі, прамысловай прадукцыі, а таксама будаўніцтва, сельская гаспадарка, транспартная дзейнасць, лясная гаспадарка, забеспячэнне патрэбнасцей народнай гаспадаркі і насельніцтва рэспублікі нафтай і нафтапрадуктамі, хімічнай і нафтахімічнай прадукцыяй. Плануецца і арганізацыя ў рэспубліцы дзяржаўных зялёных закупак тавараў, работ і паслуг, прыярытэтнае набыццё дзяржаўнымі энергазабеспячальнымі арганізацыямі энергіі, атрыманай з аднаўляльных крыніц, яе аплата па адпаведных тарыфах. Могуць быць рэалізаваны меры па ўкараненню новых тэхналогій, якія садзейнічаюць захаванню і паляпшэнню якасці навакольнага асяроддзя. З мэтай далейшага функцыянавання нацыянальнай эканомікі на зялёных прынцыпах прадугледжана прыцягненне ўнутраных і знешніх інвестыцый, а таксама міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Аб разуменні дзяржавай выключнай важнасці захавання прыродных багаццяў сведчыць і аб'яўленне бягучага года Годам беражлівасці.

У АСНОВЕ - РАЦЫЯНАЛЬНАСЦЬ

У абмеркаваннях праектаў па захаванню экалогіі часта фігуруюць інвестыцыі на суму з шасцю і больш нулямі. Аднак ёсць нямала спосабаў прастымуляваць грамадства да больш рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў без укладання грашовых сродкаў. Гэта, напрыклад, правільная тарыфная і падатковая палітыка, а таксама ўвядзенне прэферэнцый і льгот. "Пагадзіцеся, толькі пасля ўстанаўлення ў Беларусі дыферэнцыраванай аплаты за электраэнергію і газазабеспячэнне пераважная большасць людзей стала звяртаць увагу на клас энергаэфектыўнасці лямпачак і бытавой тэхнікі, ацяпляльнага абсталявання", - падкрэсліла Ірына Камоска, дадаўшы, што аналагічныя механізмы выкарыстоўваюцца і ў заканадаўстве іншых краін. Гэта, напрыклад, увядзенне дыферэнцыраваных падаткаў на тавары, такія як паліва, транспартныя сродкі, мыйныя сродкі і акумулятары, што садзейнічае пераходу на больш экалагічна чыстыя альтэрнатывы.

У рамках міжнароднага праекта "Экалагізацыя эканомікі ў краінах "Усходняга партнёрства", у якім прымае ўдзел і Беларусь, еўрапейскія спецыялісты плануюць падзяліцца вопытам і падрыхтаваць у рэспубліцы экспертаў па рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці. Работа па гэтаму кампаненту праграмы прадугледжвае выбар сектараў, падсектараў канкрэтных прадпрыемстваў, дзе мэтазгодна рэалізаваць гэты напрамак для яго далейшага тыражавання. У якасці прыярытэтных прапанаваны наступныя 3 сектары - вытворчасць прадуктаў харчавання і напіткаў, хімічная прамысловасць, будаўнічыя матэрыялы. У той жа час краіны - удзельніцы праекта самі маюць права выбраць сектар, зыходзячы з прыродаахоўных прыярытэтаў і напрамкаў прамысловага развіцця для дасягнення максімальнага станоўчага сацыяльна-эканамічнага і экалагічнага эфекту.

ЭКАЛАГІЗАЦЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ


Як адзначыла начальнік упраўлення, ёсць нямала прыкладаў мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў з мэтай іх далейшай экалагізацыі. Раней шэраг малаказаводаў нерацыянальна выкарыстоўваў пабочны прадукт вытворчасці - сыроватку. Нягледзячы на тое, што яе можна выкарыстоўваць для кармлення сельскагаспадарчых жывёл, многія прадпрыемствы аддавалі перавагу зліваць прадукт у каналізацыю. Не спраўляючыся з кіслым асяроддзем, гарадскія ачышчальныя збудаванні часта выходзілі са строю. А абслуговы персанал, адказны за прадухіленне пападання ў рэкі недастаткова ачышчаных сцёкавых вод, працаваў у аварыйным рэжыме. Тым не менш, далёка не заўсёды ўдавалася прадухіліць скідванне забруджвальных рэчываў у рэкі. Тады, па ініцыятыве Мінпрыроды, у рамках Праграмы развіцця мясной і малочнай прамысловасці на 2005-2010 гады на праблемных прадпрыемствах у ходзе мадэрнізацыі была наладжана вытворчасць сухой сыроваткі (яе можна выкарыстоўваць для кармлення жывёл, у харчовай прамысловасці. - Заўвага БЕЛТА). Хоць такая вытворчасць не заўсёды бывае прыбытковай для прадпрыемстваў, яна дае магчымасць вырашыць як экалагічныя, так і сацыяльныя праблемы.

АДХОДЫ - У ДАХОДЫ

Апошнія гады ў свеце ўсё больш гавораць аб мэтазгоднасці выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі. Аднак аднаўляльная энергія - дарагая энергія - ва ўсіх краінах будаўніцтва ўстановак для яе атрымання заўсёды датавалася дзяржавай, заўважыла Ірына Камоска. Хоць Беларусь у выніку свайго геаграфічнага становішча не мае ў значнай ступені ні ветравога, ні сонечнага патэнцыялу, перспектывы для атрымання аднаўляльнай энергіі ў краіне ўсё ж такі ёсць. Паказальная сітуацыя з укараненнем у Беларусі біягазавых комплексаў. Такія ўстаноўкі даюць магчымасць атрымліваць з адходаў сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці біягаз, які можна выкарыстоўваць у якасці паліва для атрымання цяпла і энергіі, запраўкі аўтамабіляў. Гэта і эканомія дарагіх прыродных рэсурсаў, і вырашэнне праблемы абясшкоджвання адходаў у адным флаконе.

Некалькі дзесяцігоддзяў таму міжнародная супольнасць ацаніла эканамічную і экалагічную выгаду такіх установак. Беларусь пачала будаўніцтва біягазавых комплексаў толькі ў 2007 годзе. Не ўсе ведаюць, што ў Савецкім Саюзе біягазавыя ўстаноўкі будаваліся ў складзе ачышчальных збудаванняў сцёкавых вод яшчэ ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя. Пасля праект быў згорнуты з-за некалькіх аварый на ўстаноўках, якія завяршыліся выбухамі. З таго часу работнікі вытворчасці ў Беларусі, ды і ў іншых краінах былога СССР адкрыта пабойваліся будаваць на сваіх вытворчасцях біягазавыя ўстаноўкі.

Аднак сучасныя комплексы абсалютна бяспечныя. Яны, па сутнасці, уяўляюць сабой біяфабрыку па вытворчасці газу, якая забяспечана вымяральным абсталяваннем і кіруецца камп'ютарамі. Яны вельмі дакладна адсочваюць многія параметры работы, загадзя папярэджваюць аб непаладках, блакіруюць узнікненне небяспечных сітуацый. У рэспубліцы ў час рэалізацыі Дырэктывы нумар 3 пры фінансавай падтрымцы з фондаў аховы прыроды былі пабудаваны тры біягазавыя комплексы і атрыманы станоўчы вынік. Пасля гэтага работнікі вытворчасці, якія раней пагаджаліся на такія здзелкі з цяжкасцю, пачалі праяўляць ініцыятыву - будаваць устаноўкі за ўласныя сродкі.

ЦІ СТАНЕ БЕЛАРУСКАЯ СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА АРГАНІЧНАЙ

У свеце ўсё больш востра ставіцца пытанне вытворчасці натуральных прадуктаў харчавання. Паколькі з хімізацыяй сельскай гаспадаркі звязваюць многія праблемы сучаснага грамадства - амалоджванне ракавых захворванняў, павелічэнне колькасці людзей, якія пакутуюць ад алергіі. Перш за ўсё гэта датычыцца дзяцей. У сувязі з гэтым па ўсім свеце атрымаў развіццё такі напрамак, як арганічная сельская гаспадарка. Яго сутнасць заключаецца ў абмежаванні выкарыстання сінтэтычных угнаенняў, пестыцыдаў, рэгулятараў росту раслін, кармавых дабавак, генетычна мадыфікаваных арганізмаў, а таксама ва ўтрыманні свойскіх жывёл ва ўмовах, блізкіх да натуральных.

Не выключана, што ў бліжэйшым будучым Беларусь папоўніць спіс краін, што развіваюць арганічную сельскую гаспадарку. Для гэтага распрацоўваецца закон аб арганічным земляробстве, які плануюць прыняць у 2014 годзе. Беларускія фермеры ўжо цяпер праяўляюць цікавасць да гэтага перспектыўнага напрамку. "Лічу, пасля ўступлення ў сілу дакумента, які будзе рэгламентаваць дзейнасць у сферы арганічнай сельскай гаспадаркі, гэты напрамак будзе запатрабаваны не толькі фермерамі, але і спажыўцамі іх прадукцыі", - упэўнена начальнік упраўлення. Аб гэтым сведчыць вопыт краін, якія перайшлі ўжо на арганічную сельскую гаспадарку. Нягледзячы на тое, што цэны на арганічныя прадукты харчавання крыху вышэйшыя, чым на іншыя, усё больш людзей робяць выбар на карысць натуральнай ежы.

Гаворачы аб азеляненні эканомікі, неабходна помніць, што размова тут ідзе аб атрыманні выгады, што не праходзіць па бухгалтарскіх кнігах, заўважыла Ірына Камоска. Паколькі ў канчатковым выніку эканоміка, якая не звяртае ўвагі на ахову навакольнага асяроддзя, аказваецца значна больш дарагой, чым прапанаваная зялёная мадэль. Калі прадпрыемства эканоміць і не ўкладвае сродкі ў мадэрнізацыю вытворчасці, ачыстку ад забруджвальных рэчываў, што паступаюць у навакольнае асяроддзе, то грамадству ў выніку даводзіцца значна больш укладваць у сферу аховы здароўя, падкрэсліла эксперт, дадаўшы, што хоць экалагізацыя беларускай эканомікі пачалася не так даўно, ужо дасягнуты нядрэнныя вынікі. І ў будучым работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана.

Марыя ДЗМІТРЫЕВА
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі