Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 лютага 2024, 14:12

Перапіска з жонкай і неапублікаваныя вершы. У Мінску адкрылася выстава да 110-годдзя з дня нараджэння Куляшова 

Скрыншот відэа АНТ
Скрыншот відэа АНТ
8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адкрылася літаратурна-дакументальная выстава "Перад сабой і светам будзь праўдзівы..." да 110-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На выставе прадстаўлены дакументы з фонду Аркадзя Куляшова, якія расказваюць аб жыццёвым шляху паэта, сяброўскіх і творчых адносінах і прэзентуюць яго паэтычную спадчыну.

Вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага музея-архіва літаратуры і мастацтва Наталля Мізон адзначыла, што ў архіве заўсёды можна знайсці цікавыя факты з біяграфіі, якія бліжэй пазнаёмяць з дзяцінствам Аркадзя Куляшова. "Здаецца, што біёграфы даследавалі ўсё яго жыццё. Аднак з пісем аднакласнікаў мы можам даведацца, як выглядаў дом, у якім ён жыў, і ў якой школе ён вучыўся. Аркадзь Куляшоў быў геніяльным з самага дзяцінства, але настолькі патрабавальна ставіўся да сваёй паэзіі, што многае са сваіх рукапісаў знішчаў. У нас ёсць наіўныя вершы, якія, можа, і не былі б надрукаваны ў газеце або кнігах, але яны даходзяць да нас у такім выглядзе, у якім захаваліся ў памяці аднакласнікаў, якія потым іх перапісвалі", - расказала Наталля Мізон.

"Фонд Аркадзя Куляшова вельмі багаты. Цяпер у распрацоўцы знаходзіцца больш за 3,7 тыс. дакументаў. Сярод іх пакуль што толькі два пісьмы паміж мужам і жонкай. Дзякуючы пасляваеннаму пісьму Куляшова да сваёй жонкі мы даведваемся падрабязнасці таго, хто кіраваў пабудовай дачы. У пісьме ад Аксаны Фёдараўны 1942 года яна адказвае на пісьмо Куляшова, якога ў нас няма, але мы здагадваемся, што ён ёй пісаў. На самай справе малады муж раўнаваў сваю жонку з двума дзецьмі ў эвакуацыі. Яна спачатку напісала яму вельмі гнеўнае пісьмо, але знішчыла яго пасля таго, як даведалася, што Аркадзь захварэў. Замест таго Аксана адказала, што даруе яму рэўнасць, і апісала, як цяжка ёй жыць у эвакуацыі, як і на што хварэюць дзеці і колькі каштуюць прадукты і дровы", - дадала вядучы архівіст.

Паводле слоў унука Аркадзя Куляшова, кіраўніка фальклорнай групы "Ліцвіны" Уладзіміра Бярберава, яго дзед зусім не клапаціўся аб тым, што застанецца ад яго ў спадчыну і трапіць у архівы і музеі. Сваімі любімымі творамі дзеда Уладзімір Бярбераў назваў паэму "Сцяг брыгады" і верш "Маці", які ён лічыць адным з самых моцных сярод усіх работ паэта.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі